Апазіцыя ў Грузіі збіраецца працягваць пратэсты. Мітынгоўцаў падтрымала прэзідэнтка


У ноч з 7 на 8 сакавіка паліцыянты ў Тбілісі адціснулі ад будынку парламенту і навакольных вуліцаў большую частку ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць закону аб замежных агентах. Дэманстрантаў, якія заставаліся ля паліцэйскага кардону, заклікалі пайсці адтуль пад пагрозай выкарыстання гвалту, піша «Кавказский узел».

Паліцыя ў Тбілісі 7 сакавіка.
Фота: პუბლიკა • Publika / Facebook

Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як дэпутаты парламенту Грузіі большасцю галасоў ухвалілі ў першым чытанні законапраект аб замежных агентах. Позна ўвечары супрацьстаянне ля парламенту абвастрылася: дэманстранты скарысталі кактэйлі Молатава, а сілавікі – гумовыя кулі, пачаліся затрыманні. Паліцыя адціснула пратэстоўцаў з праспекту Руставэлі ля парламенту.

У выніку выкарыстання слезацечнага газу і вадамётаў ля парламенту Грузіі пацярпелі журналісты і пратэстоўцы. МУС Грузіі заявіла, што ў сутыкненнях з пратэстоўцамі пацярпелі некалькі сілавікоў.

Колькасць затрыманых дэманстрантаў пакуль невядомая. Сярод затрыманых, апроч студэнтаў, ёсць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, а таксама лідары і актывісты апазіцыйных партыяў.

Частка дэманстрантаў адмовілася адыходзіць ад ачаплення на праспекце Руставэлі ў Тбілісі да раніцы. Як заявіў дэпутат Георгій Вашадзэ, акцыі пратэсту супраць закону аб замежных агентах працягнуцца 8 сакавіка. Яе ўдзельнікі маюць намер дамагацца заканчэння кіравання партыі «Грузінская мара».

Прэзідэнтка падтрымала пратэст

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, якая цяпер у Нью-Ёрку з афіцыйным візітам, падтрымала ў сваім звароце пратэстоўцаў і сказала, што яны прадстаўляюць свабодную Грузію, піша «Грузия online». Яна таксама паабяцала накласці вета на закон пра замежных агентаў.

Пратэсты ў Тбілісі 7 сакавіка.
Фота: პუბლიკა • Publika / Facebook

«Гэты закон нікому не быў патрэбны, ён узяты не інакш як з дыктату Масквы. Гэта трэба адмяніць. Ні ў якой форме яго не трэба дасылаць у Венецыянскую камісію. Там цудоўна ведаюць, што гэта за закон. Я з першага дня казала, што будзе вета. І вета будзе», – сказала прэзідэнтка.

Паводле яе, «тыя, хто падтрымлівае гэты закон, і тыя, хто галасаваў за гэты закон, парушаюць Канстытуцыю» і адцягваюць Грузію з Еўропы.

Hавiны
У Тбілісі пачаліся сутычкі з паліцыяй падчас мітынгу супраць закону аб замежных агентах
2023.03.07 23:37

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў