«Там быць не хочацца». Чаму падчас вайны ва Украіне беларусы пакідаюць радзіму. І чаму вяртаюцца ў Беларусь


Журналісты «Белсату» праводзілі з «Варшавы Заходняй» некалькі аўтобусаў у Беларусь і сустрэлі – з Беларусі. Паразмаўлялі з пасажырамі пра тое, чаму яны вырашылі з’ехаць і вярнуцца менавіта цяпер.

Аўтобусная станцыя «Заходняя» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

На вакзал «Варшава Заходняя» дабіраемся на 128-м аўтобусе пад жоўта-блакітным сцяжком наперадзе. Варшава – уся ў колерах Украіны. Дзве дзяўчыны побач з намі напаўголаса размаўляюць па-расейску, украінскі акцэнт. На маніторах у салоне высвечваецца заклік «Мы – разам».

Вакзал болю

Ужо на аўтобусным прыпынку – валанцёр. Тлумачыць людзям, куды ісці. А далей…

Калі з пачатку вайны прыязджаеш сюды першы раз – гэта як удар пад дых. Каб апрытомнець – стаіш, маўчыш і пераймаеш трывогу і разгубленасць, якой поўніцца кожны міліметр прасторы. Прасякаешся поглядамі дзяцей, вобразамі маці, агульным болем. Вакзал гудзе разнамоўным гулам. Але чаго тут не пачуеш – дзіцячага смеху. Не пабачыш – усмешкі…

Аўтобусная станцыя «Заходняя» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Пакуль чакаем адпраўлення двух аўтобусаў у Беларусь (у Пінск і Менск), размаўляем з польскай валанцёркай, якая тлумачыць, што перанакіроўвае людзей, якія звяртаюцца да яе, у розныя пункты каардынацыі. А там ужо спрабуюць развязваць пытанні з начоўкай ці транспартам, які завозіць людзей з вакзалу ў месцы часовага перабывання.

«Некаторыя прыбываюць сюды, ведаючы свой далейшы маршрут, а іншыя людзі прыязджаюць уцёмную і не ведаюць, што рабіць і куды далей, – мы дапамагаем ім», – кажа валанцёрка.

На пытанне, колькі прыблізна ўцекачоў з Украіны праходзіць праз вакзал за содні, дзяўчына адмоўна хістае галавой: «Не ведаю. Шмат… Тысячы».

Паводле яшчэ аднаго валанцёра, дапамогу ўцекачам ладзіць тут кіраўніцтва сталіцы і ўрад варшаўскага раёну Воля. Шмат хто хоча аказаць дапамогу і індывідуальна. Аднак прызнаецца, што валанцёраў насамрэч бракуе. Запрашае запісвацца ў валанцёры.

«Страшная сітуацыя: два гітлеры пагражаюць свету…»

Бліжэй да адпраўлення аўтобуса на Пінск неба над вакзалам чарнее – сыпле град. Аднак дзясятак чалавек на 8-й платформе не хаваюцца і застаюцца чакаць. Маладыя хлопцы з не вельмі багатым багажом прызнаюцца, што вяртаюцца ў Пінск з заробкаў. Пра вайну размаўляць не хочуць. Але, пачуўшы маю фразу, што «з Беларусі многія бягуць», у размову ўкліньваецца пажылы мужчына.

Аўтобусная станцыя «Заходняя» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

«А хто гэта з’язджае з Беларусі? Ніхто не зʼязджае! Усё нармальна», – кажа ён і адыходзіць убок.

Пажылая жанчына на платформе просіць выключыць дыктафон. Кажа, што гасцявала ў Варшаве ў дачкі, сядзела з унучкай, а цяпер вяртаецца да мужа. Прызнаецца, што – з неахвотай.

«Не хоча сюды ехаць, баран упёрты… Былі б тут усе разам», – кажа жанчына пра свайго мужа.

Падыходзім да дзвюх жанчын сярэдняга веку з дзіцячым вазком. Яны тлумачаць, што праз Беларусь будуць прабівацца ў Расею.

«Так, мы не адсюль, мы з Украіны едзем у Беларусь. Трэба неяк у «эрфэ» патрапіць. Навошта? Мы грамадзянкі Расеі. Праз Польшчу прабіваемся, бо наўпрост праз Расею не хацелі ехаць. Куды менавіта? Не скажу…» – адмовілася адна з жанчын.

Град, які стаўся дажджом, нарэшце заканчваецца. Пінскі аўтобус («Пінсктранс») падʼязджае са спазненнем на дваццаць хвілінаў, амаль разам з аўтобусам на Менск.

Аўтобусная станцыя «Заходняя» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

«Я лічу, што ў такіх цяжкіх сітуацыях трэба быць побач з сямʼёй, таму еду да жонкі, – кажа мужчына гадоў трыццаці, які рыхтуе багаж да пагрузкі.

– Чаму жонку не забраў сюды? Бо яна грамадзянка Расеі. Прыеду – будзем вырашаць на месцы, што рабіць далей. Хутчэй за ўсё, будзем вяртацца сюды ўжо разам. Калі паспеем, канечне, і будзе яшчэ не позна. Страшная сітуацыя: два гітлеры цяпер пагражаюць свету…»

Абодва аўтобусы з Варшавы на Беларусь (Пінск 16:55 і Менск – 17:30) адпраўляюцца запоўненыя хіба на палову. Але хочам сустрэць таксама і аўтобус з Менску (прыбыццё ў 19:30). Таму вяртаемся на вакзал.

«Беларусы нармальныя, але Лукашэнка ваш – урод»

Маладыя хлопцы ў чарзе да касы, пабачыўшы, што іх здымаюць, махаюць нам рукамі. Падыходзім. Пытаюцца найперш, як стаць журналістамі, а потым распавядаюць, што прыязджалі сюды «валанцёрыць» з Гдыні, дзе працуюць, але скончыліся грошы – дык едуць зноў падзарабіць. Яны з усходу Украіны.

«Не, мы нармальна да беларусаў ставімся. Ведаем, што і ва Украіне цяпер ваююць беларусы супраць акупантаў. Але Лукашэнка ваш – урод…» – кажа адзін з іх.

Аўтобусная станцыя «Заходняя» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Аўтавакзал цалкам запоўнены. Пры гэтым – ніякай панікі. Валанцёры – завіхаюцца, у тым ліку на вуліцы. У цэнтры чакальні стаіць мужчына з таблічкай, што прапаноўвае бясплатны давоз на таксі па Варшаве. Побач – жанчыны з вялікімі плакатамі: хуткая жыллёвая дапамога для ўцекачоў.

Міма праходзіць малады чалавек з клюшкай і вялікай спартовай торбаю з надпісам «Russia». У ягоных вачах такая самая разгубленасць і боль, як і ў іншых. Хто гэты хакеіст, так і не даведаліся, бо, пабачыўшы фотаапарат, адразу знік.

Аўтобусная станцыя «Заходняя» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Назіраем. Пажылы мужчына ў акулярах чытае «Біблію» ў тоўстай скураной вокладцы. Яшчэ адзін – пʼе гарбату, ён у інвалідным вазку. Непадалёк на сумках спяць дзеці…

«Штодзень слёзы на вачах – немагчыма ўжо»

Аўтобус з Менску («Менсктранс») прыбывае на хвілінаў дзесяць раней, чым у раскладзе (19:30). Шмат свабодных месцаў. Аднак, як распавяла нам адна з пасажырак, пры перасячэнні мяжы з Польшчай аўтобус быў цалкам запоўнены, проста большасць пасажыраў выйшла ў Беластоку.

Аўтобусная станцыя «Заходняя» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Падыходзім да пары менчукоў, якая толькі што атрымалі свой багаж.

«Выехалі пакуль проста адпачыць», – кажа мужчына.

«Першыя два тыдні адпачыць і аддыхацца, а далей будзе відаць. Ведаеце, вельмі страшна! У мяне тата украінец. І вельмі страшна за суседнюю краіну.

Штодзень слёзы на вачах, наагул немагчыма ўжо так. Таму там быць не хочацца, і лепей быць тут. Пакуль так», – працягнула жанчына.

Паведаміла таксама, што з набыццём квіткоў з Менску да Варшавы, прынамсі на маршрут «Менсктрансу», праблемаў не мелі. Купілі за два дні да адʼезду (а вось месцаў на «Экалайнс» ужо не было). На мяжы з Польшчай стаялі каля шасці гадзінаў.

Яшчэ адзін хлопец, якога мы паспелі выхапіць перад тым, як усе пасажыры рэйсу з Беларусі зліліся з патокам уцекачоў з Украіны, быў зусім лаканічны: «Проста зваліў адтуль…»

Аўтобусная станцыя «Заходняя» ў Варшаве, Польшча. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Паводле афіцыйнай інфармацыі, колькасць уцекачоў з Украіны ў Польшчу 7 сакавіка перавысіла 1 мільён чалавек. Згодна з інфармацыяй памежнай аховы Польшчы, 90 % з іх – гэта грамадзяне Украіны, астатнія – прадстаўнікі 100 іншых нацыянальнасцяў. Колькі сярод іх беларусаў, пакуль не вядома. Толькі ў 2021 годзе сталы ці часовы від на жыхарства ва Украіне быў выдадзены 4379 беларусам, але пэўна, што колькасць беларусаў ва Украіне была нашмат большая.

5 сакавіка літоўская памежная служба паведаміла, што паток беларусаў, якія хочуць перакрочыць мяжу з Літвой, павялічыўся на 30 %. Удакладнілі, што гэта пераважна людзі прызыўнога веку. Гарачай статыстыкі пра беларусаў ад польскіх памежнікаў пакуль не маем. Але падобна, што ў Беларусі нарастае чарговая хваля эміграцыі.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў