Святлана Алексіевіч: Імперыя не разбураецца за ноч, дарога да свабоды цярністая


Святлана Алексіевіч, беларуская пісьменніца і журналістка, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі, аўтарка кнігі «У вайны не жаночы твар», пракаментавала для тэлеканалу «Белсат» і выдання «Gazeta Wyborcza» падзеі ва Украіне.

Святлана Алексіевіч.
Фота: Gazeta Wyborcza

Святлана Алексіевіч лічыць, што барацьба за свабоду ў кожным выпадку прыводзіць да перамогі святла над цемрай. Але шлях да гэтага даволі доўгі і складаны, сказала ў каментары «Белсату» і выданню «Gazeta Wyborcza» беларуская пісьменніца і журналістка, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі.

«Украіна для нас сёння – прыклад адвагі. Гэта паказвае, што вы можаце працягваць ісці і змагацца да канца. І робіць гэта не адзін чалавек, не два і нават не некалькі соцень, а цэлы народ. Гэта робіць вялікае ўражанне на ўсіх, у тым ліку на беларусаў і расейцаў, якія застаюцца ў летаргічным сне.

Упэўненая, што ўкраінцы ніколі не здадуцца, ёсць шмат доказаў, сведчанняў простых людзей. Мяне крануў рэпартаж, які я бачыла па тэлевізары: украінец сказаў: «Няхай будзе праз год, праз дваццаць гадоў, але мы іх прагонім з нашай зямлі». Украінцы будуць змагацца да канца. Мы павінныя браць прыклад з Украіны.

Я таксама думаю сёння пра беларусаў, у якіх зноў закахалася з лета 2020 года. І я думаю, як сумна, што нашыя народы перажылі два вялікія няшчасці ў асобе Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Мы павінныя мець справу з імі ўвесь час. Калі-небудзь мы вызвалімся ад іх, нават калі не так хутка, як хацелася б.

Мы былі ў ізаляцыі на працягу многіх гадоў. У акварыуме. Быццам бы нехта ўсё жыццё пражыў у працоўным лагеры, а пасля выхаду з яго адразу павінен быў стаць вольным чалавекам. Бо ён нават не ведае, што такое свабода, як жыць свабоднаму чалавеку. У нас няма досведу дэмакратыі. Каб вырвацца з ярма, трэба шмат часу. Імперыя не разбураецца за ноч, дарога да свабоды цярністая».

Артыкулы
Алексіевіч расказала на канферэнцыі ААН пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
2021.10.26 11:28

ААН чакае, што ўжо 8 ці 9 сакавіка агульная колькасць уцекачоў з Украіны можа дасягнуць 2 мільёнаў чалавек.

«Думаю, сёння ці самае позняе заўтра мы выйдзем на страшны лік два мільёны ўцекачоў з Украіны, якія перасеклі межы суседніх краінаў», – сказаў вярхоўны камісар ААН у справах уцекачоў Філіпа Грандзі 8 сакавіка ў эфіры французскай радыёстанцыі «France Inter».

ЛК belsat.eu

Стужка навінаў