Як гісторыя абʼяднала Беларусь і Украіну. Новая гістарычная праграма «Вусы Скарыны»


Новая гістарычная праграма «Вусы Скарыны» распачала спецпраект «Вольныя людзі Украіны». У гэтай новай праграме гісторык Цімох Акудовіч распавядзе пра гістарычныя сувязі паміж беларусамі і ўкраінцамі ды патлумачыць, чаму змаганне Украіны за свабоду – гэта нашае агульнае змаганне.

Праграма «Вусы Скарыны» задумвалася як гістарычна-забаўляльная і мелася пазнаёміць гледачоў з нечаканымі паваротамі беларускае гісторыі. Але ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну 24 лютага 2022 года змяніла планы аўтараў.

Цімох Акудовіч вырашыў пазнаёміць беларусаў з гісторыяй Украіны і гэткім чынам падтрымаць украінцаў у іх змаганні за свабоду і незалежнасць.

Першае выданне прысвечанае ўкраінскаму казацтву. На тое ёсць важкія прычыны.

«Здарылася нечаканае: ХХІ стагоддзе вярнула старыя казацкія прынцыпы на зямлю. Бо пачалася вайна. І ўкраінцы зноўку сталі такімі ж, як раней… – кажа Цімох. – І зараз ва Украіне зноўку вырастае вялікая Запарожская Сеч, куды едуць зухаватыя хлопцы з усяго наваколля, каб бараніць свабоду і праўду. Ва ўсім гэтым жаху радуе толькі адно: праўда ў нас цяпер агульная».

Што ж гэта за казацкія прынцыпы? Запрашаем да прагляду!

Праграма «Вусы Скарыны» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Стужка навінаў