Улады Беларусі пабудавалі шмат ангараў у базе тэхнікі, адкуль перадавалі танкі Расеі


У 969-й базе рэзерву танкаў у гарадскім пасёлку Урэчча (Любанскі раён Менскай вобласці) за апошнія гады пабудавалі вялікую колькасць навесаў для захоўвання вайсковай тэхнікі. Да такой высновы прыйшла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», прааналізаваўшы здымкі базы.

Будаванне ангараў у 969-й базе тэхнікі рэзерву.
Фота: Беларускі Гаюн | Belarusian Hajun project / Telegram

Як паведамляецца, з 2017 па 2024 год на тэрыторыі 969-й базы было пабудавана 25 ангараў (навесаў) рознага тыпу, а ўся тэхніка, якая раней захоўвалася на пляцоўках пад адкрытым небам, была перамешчаная туды.

Гэтыя звесткі пацвярджае таксама аналіз дзяржзакупаў. Згодна з ім, толькі ў 2022 – 2023 гадах на тэрыторыі 969-й базы пабудавалі тры навесы на 20 машынамесцаў кожны, адзін навес на 48 машынамесцаў і два навесы на 24 машынамесцы кожны. То бок, за два гады на тэрыторыі базы рэзерву танкаў пабудавалі сама меней шэсць навесаў на 156 машынамесцаў.

Акрамя таго, паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», будаўніцтва навесаў у гэты час таксама праводзілася ў 1868-й артылерыйскай базе ўзбраення (Гомель) і 288-й базе рэзерву аўтамабільнай тэхнікі (Старыя Дарогі).

Тэхніка недатыкальнага запасу назапашваецца ў мірны час для забеспячэння мабілізацыйнага разгортвання войскаў. Дапускаецца захоўванне яе ў сховішчах, пад навесамі або на адкрытых пляцоўках.

«На фоне агульнай мілітарызацыі РБ і нібыта вонкавых ваенных пагроз ваенная тэхніка, якая раней захоўвалася пад адкрытым небам і прадавалася на экспарт, стала запатрабаваным рэсурсам», – заявілі ў «Беларускім Гаюне».

Там адзначылі, што перамяшчэнне тэхнікі з адкрытых пляцовак пад навесы праводзіцца перадусім для паляпшэння ўмоў яе захоўвання. Пры гэтым хаваецца колькасць тэхнікі і магчымасць фіксацыі яе змянення.

Як адзначае «Беларусі Гаюн», у 2022 годзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі перадаў Расеі з тэрыторыі 969-й базы 211 адзінак вайсковай тэхнікі, сярод якой было 98 танкаў Т-72А.

Hавiны
Яшчэ адзін эшалон вайсковай тэхнікі Лукашэнка перадаў Расеі
2022.10.15 08:32

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў