У BEROC мяркуюць, што ўлады Беларусі не здолеюць выканаць прагноз росту ВУП


Эксперты даследчага цэнтру BEROC мяркуюць, што ў 2024 годзе ўлады Беларусі будуць вымушаныя змяніць сваю эканамічную палітыку, каб пазбегнуць росту цэнаў. У тым ліку за кошт росту эканомікі. Пра гэта гаворыцца ў свежым аглядзе манетарнага асяроддзя.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

На думку эканамістаў, з’яўляюцца прыкметы змянення акцэнту ўладаў у эканамічнай палітыцы з празмернага стымулявання росту выпуску на стрымліванне інфляцыі.

«Верагоднасць дасягнення планавага паказніка паводле прыросту ВУП на 3,8% у 2024 годзе зʼяўляецца вельмі нізкай праз вычарпаную прасторы для аднаўленчага росту, нізкага патэнцыялу збалансаванага росту (не больш як 1 % у год) і дасягнутага ў другой палове мінулага года рэкорднага ўзроўню загрузкі вытворчых магутнасцяў», – гаворыцца ў аглядзе.

Пры гэтым яна адзначылі, што праінфляцыйны ціск, у сваю чаргу, прыкметна ўзмацніўся ў канцы 2023 года з прычыны павелічэння выдаткаў ва ўмовах перагрэву эканомікі і дэфіцыту работнікаў.

«У гады выбараў выдаткі высокага росту коштаў для ўладаў могуць пераважыць вельмі сумнеўныя выгады падтрымання высокага росту ВУП. Апошняе можа мець месца толькі ў кароткатэрміновай перспектыве і будзе суправаджацца акумуляваннем макраэканамічных дысбалансаў: далейшай разбалансаваннем попыту і прапановы, павышэннем цэнавага ціску і пагаршэннем вонкавагандлёвай пазіцыі», – заявілі эканамісты.

Hавiны
«Ну і што?» – міністр гандлю пра страты прадпрыемстваў ад рэгулявання цэнаў
2024.01.20 14:03

Паводле базавага сцэнару BEROC, Нацбанк будзе задзейнічаць ускосныя інструменты для ўздзеяння на працэнтныя стаўкі па рублёвых рынкавых крэдытах і банкаўскіх укладах. У прыватнасці, будзе паступова павышаць разліковыя велічыні стандартнай рызыкі, а таксама, магчыма, узнімаць рэзервовыя патрабаванні для адабрання залішняй ліквіднасці банкаўскай сістэмы і стаўкі па дэпазітах овэрнайт. У выніку прагназуецца павышэнне сярэдняй працэнтнай стаўкі па рынкавых крэдытах з 9,3 % у снежні 2023 года да 10 – 12 % на працягу 2024 года, а сярэдняй стаўкі па новых тэрміновых укладах з 5,3 % да 7 – 9 % адпаведна. Пры гэтым стаўка рэфінансавання пры адсутнасці моцных шокаў застанецца на ўзроўні 9,5 %. Дзяржсектар захавае прэферэнцыйныя ўмовы доступу да крэдытных рэсурсаў, а наўпроставыя эфекты ад павышэння рынкавых працэнтных ставак галоўным чынам адчуюць прыватны бізнес і насельніцтва.

У рамках базавага сцэнарыя прагназуецца ўмеранае паслабленне беларускага рубля ў межах 10 % жа кошыку замежных валют.

Дэвальвацыя можа быць большай

Эксперты не выключаюць захавання вельмі строгага цэнавага кантролю і прыкметнага ўзмацнення жорсткасці рынкавых умоў крэдытавання ў спробе абмежаваць інфляцыю 4 – 5 %. У такім выпадку працэнтныя стаўкі будуць вышэйшымі ў параўнанні з прагнозам паводле базавага сцэнара, а тэмпы паслаблення беларускага рубля – ніжэйшымі.

«Разам з тым фінансавае становішча арганізацый у дадзеным сцэнарыі можа пагоршыцца настолькі, што ў 2025–2026 гг. спатрэбіцца рэзкая змена вектара эканамічнай палітыкі для згладжвання негатыўных наступстваў верагоднай макраэканамічнай дэстабілізацыі», – заяўляюць эксперты.

Таксама, на іх думку, магчымае захаванне ў 2024 годзе фокусу эканамічнай палітыкі на дасягненні планавага паказніка прыросту ВУП у памеры 3,8 % любымі сродкамі, у тым ліку за кошт залішне мяккай манетарнай палітыкі. У гэтым выпадку перагрэў эканомікі перавысіць 5 % да канца 2024 года, «што істотна знізіць яе ўстойлівасць да шокаў, павысіць верагоднасць коштавага ўсплёску, маштабнага спаду выпуску і неабходнасці агрэсіўнага ўзмацнення жорсткасці грашова-крэдытных умоў у 2025–2026 гадах».

«Пры такім развіцці падзей ціск на беларускі рубель узрасце, што можа выявіцца ў яго істотным паслабленні, спалучаным з марнаваннем золатавалютных рэзерваў», – кажуць у BEROC.

А «новыя істотныя санкцыйныя праявы і разрывы лагістычных ланцужкоў могуць прывесці да непазбежнасці больш значнага абясцэнення рубля, у тым ліку адносна расейскай валюты». У такім разе можа ўзрасці «верагоднасць раскручвання інфляцыйна-дэвальвацыйнай спіралі і поўнамаштабнай фінансавай дэстабілізацыі». Але «настолькі рэзкіх і маштабных курсавых карэктаванняў як у 2011 і 2015 гадах не чакаецца нават пры рэалізацыі негатыўных сцэнарыяў».

Аналітыка
Нізкі рост і рызыкі праз Расею. ЕАБР распавёў, чаго чакаць эканоміцы Беларусі
2024.01.22 16:16

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў