Еўразвяз правядзе ваенную аперацыю супраць хусітаў у Чырвоным моры


Еўрапейскі Звяз 8 лютага прыняў рашэнне размясціць свае вайсковыя караблі ў Чырвоным моры. Мэта ваеннай аперацыі – гарантаванне бяспекі гандлёвага суднаходства, піша «BILD».

Нямецкі фрэгат «Гесэн».
Фота: Michael Starkey / U.S. Navy / Wikimedia

План аперацыі Еўразвязу прадугледжвае апраўленне ў рэгіён еўрапейскіх вайсковых караблёў для абароны грузавых судоў ад нападаў еменскіх хусітаў.

Таксама 8 лютага стала вядома, што нямецкі фрэгат «Гесэн» ужо сёння накіраваўся ў раён Чырвонага мора з 240 вайскоўцамі на борце. На борце таксама знаходзяцца два гелікоптары, медыкі і вайсковы капелан.

Капітан фрэгата Фолькер Кюбш заявіў, што «пагроза ў Чырвоным моры зараз ужо не абстрактная, яна вельмі канкрэтная і складаецца з вялікай колькасці зброі, якая там рэгулярна ўжывалася».

«У аперацыі «Aspides» вялікая рызыка эскалацыі. Гэта ілюзія, што фрэгат бундэсвэру не трапіць пад абстрэл і яму не давядзецца абараняцца. Гэта надзвычай небяспечная аперацыя для нашых жаўнераў», – мяркуе вайсковы эксперт Маркус Каім.

Аналітыка
Хусіты спыняюць Чырвонае мора, а ЗША збіраюць кааліцыю. Як гэта ўдарыць па гаманцах і свеце
2023.12.27 15:10

Хусіты з 19 лістапада 2023 года атакуюць караблі ў Чырвоным моры, каб тым самым прымусіць Ізраіль спыніць ваенную аперацыю супраць «Хамасу» ў сектары Газа.

18 снежня міністр абароны ЗША Лойд Остын абвесціў пра пачатак аперацыі «Вартавы росквіту» – «важнай новай шматнацыянальнай ініцыятывы» для гарантавання бяспекі ў Чырвоным моры. У аперацыі пад эгідай ЗША задзейнічаныя Вялікая Брытанія, Бахрэйн, Іспанія, Італія, Канада, Нарвегія, Нідэрланды, Сейшэльскія астравы і Францыя. Да іх пазней далучыліся Аўстралія, Грэцыя і іншыя краіны.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў