Ціханоўская адкрые канферэнцыю «Хельсінкскі дыялог» пра Беларусь у Фінляндыі


З 11 да 12 студзеня ў Хельсінкі пройдзе канферэнцыя «Хельсінкскі дыялог: дэмакратычная будучыня для Беларусі», якую арганізоўваюць МЗС Фінляндыі і Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ў супрацы з Офісам Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з кіраўніцтвам тэлеканалу «Белсат» падчас ейнага візіту ў Варшаву. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

На адкрыцці выступяць міністр замежных справаў Фінляндыі Эліна Вальтанэн, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тыні Кокс.

На канферэнцыі плануецца абмеркаваць геапалітычны выбар Беларусі, сітуацыю з палітвязнямі, стратэгіі арганізацыі сумленных і свабодных выбараў, захаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

«Хельсінкскі дыялог» збярэ дэпутатаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў, дыпламатаў і навукоўцаў.

Падчас візіту ў Хельсінкі Ціханоўская правядзе двухбаковыя сустрэчы з прэмʼер-міністрам Фінляндыі, міністрам замежных справаў і спікерам фінскага парламенту.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў