Сям'ю палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк пазбавілі жытла і рэгістрацыі ў Беларусі


Цягам апошніх шасці гадоў сям’я жыла ў кватэры, якая адносіцца да дзяржаўнага камерцыйнага арэнднага фонду. На рашэнне старшыні гарвыканкаму Берасця арэнду скасавалі, распавёў Reform.by муж Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк з мужам Андрэем і дзецьмі.
Фота: асабісты архіў сям’і Шарэндаў

Паводле Андрэя, яны з жонкай заўсёды спраўна плацілі за кватэру. Андрэй аплочваў арэнду і камунальныя паслугі нават у апошнія месяцы, хоць сам ён жыве за мяжой, а Паліна – у калоніі. 7 снежня сужэнец палітзняволенай даведаўся, што іх сям’я засталася без жытла ў Беларусі.

«У лістападзе арэнду нам працягнулі на год. Але зараз па рашэнні старшыні гарвыканкаму Аляксандра Рагачука кантракт на арэнду быў разарваны», – кажа Шарэнда.

Рашэнне дзейнічае з 1 снежня. Сям’і прыйшоў загад пакінуць памяшканне цягам некалькіх тыдняў. Іншага жытла не даюць.

Разам з кватэрай сям’я страціла рэгістрацыю, бо пасля разрыву дамовы арэнды жыльцоў аўтаматычна здымаюць з рэгістрацыі.

«Немагчыма іначай гэта ўспрымаць як асабістую помсту мне і Паліне ад кіраўніка Берасця, – пракаментаваў Андрэй Шарэнда «Белсату». – Гэта ён год таму асабіста кіраваў разгонам пратэсных акцыяў у Берасці: па ягоным загадзе 9-га жніўня ў горадзе было фактычна ўведзенае ваеннае становішча, былі сцягнутыя войскі, і затрыманыя больш 1000 чалавек, ні ў адным з абласных гарадоў Беларусі не было такой жэсці. Цяпер ён помсціць маёй сям’і, не выключаю, што ён хоча, каб мы не вярталіся ў горад».

Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў гвалце і абразе супрацоўнікаў міліцыі. Жанчына адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4. Там яе ўжо тры разы за паўтара месяца кідалі ў ШІЗА.

Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі крымінальную справу, але ён здолеў уцячы з-пад хатняга арышту за мяжу. У сям’і двое дзяцей, яны засталіся з бабуляй у Беларусі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў