МЗС РФ: Размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі ідзе па графіку


Размяшчэнне расейскай тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі ідзе па графіку, заявіў намеснік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў на семінары з адваротнай тэмай – «Умацаванне рэжыму ядравага нераспаўсюджвання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: mil.ru

«Размяшчэнне тактычнай ядравай зброі ў Беларусі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з графікам, пра які казаў прэзідэнт Расейскай Федэрацыі. Цяпер там пройдзена некалькі этапаў стварэння адпаведнай інфраструктуры або абсталявання адпаведных носьбітаў. У нас гэтая праца працягваецца», – сказаў Сяргей Рабкоў.

Прадстаўнік расейскага МЗС адзначыў, што «калі кіраўніцтва палічыць магчымым і пажаданым прадставіць падрабязнасці таго, што адбываецца, гэта будзе зроблена. На сёння ніякіх дапаўненняў ці зменаў да таго, што раней на гэтую тэму агучвалася, няма».

Калі завершыцца размяшчэнне ядравай зброі, ён таксама не паведаміў.

На пачатку верасня начальнік галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў заяўляў, што ў Беларусь з Расеі ўжо даставілі першыя ядравыя боегалоўкі.

«Літаральна некалькі дзён таму першыя боегалоўкі былі дастаўленыя. Да гэтага ладзіліся маштабныя трэнаванні з ядравымі імітатарамі. Я чытаў арыгіналы дакументаў па выніках трэнаванняў. Даволі непрыгожыя для Беларусі дакументы», – заявіў кіраўнік ГУР.

Нібыта ў расейскіх дакументах была прызнаная поўная негатовасць Беларусі да эксплуатацыі падобнага ўзбраення.

Аднак агулам Буданаў не лічыць сур’ёзнай пагрозу ўжывання ядравай зброі Расеяй з тэрыторыі Беларусі. Ён лічыць, што гэта толькі «вялікая геапалітычная гульня» з мэтай ядравага стрымлівання і павышэння ставак.

Нагадаем, што 25 сакавіка прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвесціў, што дамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам пра размяшчэнне і захоўванне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядравай зброі. 6 ліпеня Лукашэнка заявіў, што ядравыя боегалоўкі ўжо перамешчаныя ў Беларусь. Пакуль жа не зразумела, пад чыім кантролем яна будзе: Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ён будзе кантраляваць расейскую ядравую зброю ў Беларусі. І гэтак жа неаднаразова гэтыя слова зняпраўджвалі расейскія афіцыйныя асобы.

Hавiны
«Працэс ідзе, мы гэта назіраем». Прэзідэнт Польшчы – пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі
2023.08.23 09:53

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў