У Прадстаўніцтве Еўразвязу ў Беларусі пацвердзілі затрыманне 6 верасня часовай паверанай у справах ЕЗ у Менску Эвэліны Шульц і назвалі гэта «недапушчальным і абуральным парушэннем дыпламатычнага статусу», паведамляе партал «Зеркало». Яе трымалі ў РУУС дзве гадзіны.
«Гэта незаконнае затрыманне дыпламаткі ёсць сур’ёзным парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, што гарантуе асабістую недатыкальнасць дыпламатаў, яно ставіць пад пытанне бяспеку дыпламатаў у Беларусі. Такое незаконнае затрыманне дыпламатычнага персаналу ЕЗ адбываецца ўжо другі раз. Еўрапейская служба замежных дзеянняў ужо выклікала беларускую часовую павераную ў Бруселі для тлумачэння гэтага сур’ёзнага інцыдэнту», – заявілі ў Прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі.
Нагадаем, у Менскім гарадскім судзе 6 верасня вынеслі прысуд праваабаронцы Марфе Рабковай і яшчэ дзевяці палітвязням, якія праходзяць у «справе «Рэвалюцыйнага дзеяння».
Пасля абвяшчэння прысуду сілавікі пачалі затрымлівалі тых, хто быў каля будынку суда. Сярод затрыманых была таксама часовая павераная ў справах ЕЗ у Менску Эвэліна Шульц, а таксама знаёмыя і сваякі палітзняволеных. Сярод затрыманых была і праваабаронца Наста Лойка, якой 7 верасня прысудзілі 15 содняў арышту. Яшчэ аднаму затрыманаму Данілу Кашэўскаму прысудзілі 12 содняў арышту.
Алена Рувіна belsat.eu