Чатырох адвакатаў з Гомельшчыны пазбавілі ліцэнзіяў – яны абаранялі палітвязняў


Кваліфікацыйная камісія ў пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі на пазачарговай атэстацыі 6 верасня пазбавіла ліцэнзіяў адразу чатырох адвакатаў – Генадзя Уласенку з Мазыра, Таццяну Саўчанку і Паўла Кулажанку з Рэчыцы ды гамяльчанку Ганну Паўлюк, піша «Гомельская Вясна».

Паводле Міністэрства юстыцыі, падставаю «паслужылі факты неналежнага выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў, выяўленыя Міністэрствам юстыцыі падчас выбарачнага правярання дзейнасці адвакатаў і юрыдычных кансультацыяў Гомельскай абласной калегіі адвакатаў».

Нібыта на атэстацыі адвакаты «паказалі нездавальняльны ўзровень ведаў заканадаўства, неабходны для ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, што сведчыць пра іхную недастатковую кваліфікацыю».

Акурат з гэтай прычыны прынятае рашэнне «пра немагчымасць выканання адвакатамі Генадзем Уласенкам, Паўлам Кулажанкам, Ганнаю Паўлюк і Таццянаю Саўчанкаю сваіх прафесійных абавязкаў». Пры гэтым Ганна Паўлюк 10 гадоў працуе ў адвакатуры, яна магістр юрыдычных навук, выкладае права ў гомельскіх універсітэтах. У Таццяны Саўчанкі 36-гадовы стаж працы адвакатам.

Праваабаронцы паведамляюць, што адвакаты, якіх пазбавілі ліцэнзіяў, раней абаранялі палітычных вязняў.

Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка расказваў у красавіку 2022 года, што ў Беларусі са жніўня 2020-га ліцэнзіяў былі пазбаўленыя каля 50 адвакатаў. Гэта афіцыйная лічба, але насамрэч звольненых адвакатаў, якія абаранялі на судовых працэсах удзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі, можа быць нашмат больш.

Hавiны
Часовую павераную ў справах ЕЗ у Беларусі трымалі ў РУУС дзве гадзіны. Яе затрымалі пасля суда 6 верасня 
2022.09.07 12:10

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў