Беларусаў, пацярпелых у аварыі ў Польшчы, выпісваюць са шпіталю. Але пад наглядам яшчэ каля 10 асобаў


Пасажыраў аўтобусу, які перакуліўся 6 верасня каля польскай вёскі Пётравіна, выпісваюць са шпіталю ў Міньску-Мазавецкім. Пад наглядам у медычнай установе застаюцца менш за 10 чалавек. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў павятовай управе паліцыі ў Міньску-Мазавецкім.

«Амаль усе пацярпелыя, якіх забіралі, выйшлі са шпіталю. У ім застаюцца менш за 10 чалавек. Гэта асобы, якія не маюць цяжкіх пашкоджанняў. Іхнаму жыццю нічога не пагражае», – расказала работніца павятовай управы паліцыі ў Міньску-Мазавецкім Эльжбета Загурска.

Адну з пасажырак, 17-гадовую дзяўчыну, пасля здарэння транспартавалі верталётам у Варшаву, бо было падазрэнне, што ў яе зламаная сківіца.

Паводле паліцыі, аўтобус, у якім ехалі беларусы, з’ехаў у роў, зачапіў дрэва і перакуліўся. Кіроўца быў цвярозы і дасюль застаецца ў паліцыі – трываюць следчыя працэдуры.

Аварыя з аўтобусам здарылася за 70 кіламетраў ад Варшавы, паміж гарадамі Міньск-Мазавецкі (Mińsk Mazowiecki) і Седльцэ (Siedlce). У аўтобусе былі 45 пасажыраў і два кіроўцы. Пасля здарэння ў шпіталь трапілі 39 пацярпелых без цяжкіх пашкоджанняў.

Hавiны
Аварыя беларускага аўтобуса ў Польшчы: паліцыя распавяла пра пацярпелых і ў якім стане быў кіроўца
2022.09.06 17:43

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў