Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі пракаментаваў у Facebook артыкул і карыкатуры на каталіцкіх святароў у газеце «Мінская праўда», хоць, паводле яго, «такі нізкапробны матэрыял не павінен заслугоўваць такой увагі».
«Я заўсёды выступаў супраць гвалту, насілля, катаванняў, несправядлівасці, хлусні, рэпрэсій. Я не змяню гэтага свайго погляду, нягледзячы на пагрозы, шантаж і таму падобныя рэчы, з якімі мне прыходзіцца сутыкацца. Таксама і падобныя артыкулы не здольныя паўплываць на мой светапогляд, які базуецца на Евангеллі», – распавёў біскуп.
Ён падкрэсліў, што «бел-чырвона-белы сцяг – гэта ў хрысціянскай сімволіцы знак і сімвал уваскрослага Хрыста, і гэта не залежыць ад ідэолагаў, якія сёння шукаюць «аргументаў» супраць». Юрый Касабуцкі таксама адзначыў, што гімн «Магутны Божа» «даўно стаў часткай нашай літургіі, таму што гэта малітва за нашу краіну і наш народ, а калі гэта не падабаецца сучасным ідэолагам, гэта не праблема Касцёла». Разам з тым, паводле яго, Касцёл сёння не ўжывае «гэту малітву, каб не раздражняць нікога».
«Падобныя артыкулы не спрыяюць супакою і згодзе ў нашым грамадстве… Прабач ім, Божа, бо не ведаюць, што робяць», – заключыў біскуп.
Нагадаем, што газета «Мінская праўда», адзін з заснавальнікаў якога – Менскі аблвыканкам, выйшла 7 верасня з карыкатурай на каталіцкіх святароў на галоўнай старонцы. У Каталіцкім касцёле гумару не ацанілі.
Каталіцкія біскупы спадзяюцца, што «адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку дадзенай карыкатуры і публікацыі ў газеце «Мінская праўда», змешчанай у № 68 ад 7 верасня 2021 года, незадоўга да святкавання Дня народнага адзінства».
МГ belsat.eu