Памёр гісторык Уладзімір Ляхоўскі, які даследаваў нацыянальны рух


Уладзімір Ляхоўскі.
Фота: Siarzhuk Bakhun / Facebook

7 верасня стала вядома пра смерць выбітнага беларускага гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага. Пра гэта паведаміў у Facebook Сяржук Бахун.

Уладзіміру Ляхоўскаму было 57 гадоў. Ён працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальным архіве, на факультэце міжнародных адносін БДУ, у апошнія гады быў там дэканам. Таксама выкладаў у Беларускім калегіуме.

У сферу ягоных навуковых інтарэсаў уваходзіў беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ стагоддзя. У прыватнасці, Уладзімір Ляхоўскі быў адным з укладальнікаў зборніка «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах» (2001), аўтарам кніг «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915–1918 гг.» (2010) і «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX – першай трэці XX ст.» (2012).

Уладзімір Ляхоўскі таксама неаднаразова быў госцем перадач «Белсату». У 2020 годзе ён быў у ліку тых гісторыкаў, якія заступіліся за бел-чырвона-белы сцяг.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў