Не толькі «Прафесіянал»: ТОП-7 фільмаў Жана-Поля Бэльмандо


Знакаміты актор, які быў адным з сімвалаў Францыі і зрабіўся героем шматлікіх вострасюжэтных і драматычных фільмаў, памёр 6 верасня ва ўзросце 88 гадоў. Ён часта ўвасабляў авантурыстаў, бандытаў, шпіёнаў, спартоўцаў у баевіках і камедыях – і пры гэтым быў здольны граць ролі глыбокія і трагічныя, паказваць складаныя характары ў карцінах знакамітых рэжысёраў.

Некаторыя фільмы з удзелам Жана-Поля Бэльмандо лічацца новым словам сусветнага кінамастацтва. Згадаем найбольш вядомыя з іх, у тым ліку тыя, якія ў нечым нагадваюць падзеі сучаснай Беларусі.

«На апошнім дыханні» (1960)

Фільм Жана-Люка Гадара стаў не толькі адной з этапных стужак гісторыі кіно як першы прадстаўнік «французскай новай хвалі», але і як твор, у якім Бэльмандо ўпершыню граў галоўную ролю. Гэты фільм і прынёс маладому актору сусветную славу.

Плакат да фільму. Крыніца Impéria Films

Наватарскі стыль аператарскай і мантажорскай працы пры мінімальным бюджэце, а таксама закручаны сцэнар у стылі «нуар» дагэтуль робяць фільм не проста вартым прагляду, але і абавязковым для вывучэння ў любой школе кінамастацтва.

Бэльмандо здымецца яшчэ ў некалькіх фільмах знакамітага рэжысёра: «Жанчына ёсць жанчына», «Шалёны П’еро», «Шарлота і яе сябрук».

«Ці гарыць Парыж?» (1966)

Гэта быў французска-амерыканскі ваенна-гістарычны фільм пра вызваленне Парыжу ў 1944 годзе. Гітлер хацеў знішчыць сталіцу Францыі, ангельцы і амерыканцы збіраліся абысці горад і рушыць непасрэдна да межаў Нямеччыны, а французы-падпольшчыкі розных палітычных перакананняў у Парыжы спрачаліся, калі падымаць паўстанне.

Фільм атрымаў дзве намінацыі на «Оскар», а музычная кампазіцыя «Парыжскі вальс» з саўндтрэку стала знакамітай патрыятычнай песняй спявачкі Мірэй Мат’ё.

«Цудоўны» (1973)

У 1970–1980-я гады Бэльмандо ўсё часцей здымаецца ў камедыях, і гэтыя фільмы атрымліваюць міжнародную папулярнасць. Найлепшаю з камедыяў Бэльмандо лічыцца стужка «Цудоўны», дзе актор грае пісьменніка, думкі якога цалкам апанаваў ягоны персанаж – суперагент.

 

Аматарскі трэйлер да фільму. Крыніца theidol32

Бэльмандо выконвае адначасова дзве ролі: і пісьменніка, і шпіёна. Ён распавядаў: «Гэты герой надзіва мне падыходзіць. Я граў столькі сур’ёзных герояў, што ўсе вырашылі, што я і ў жыцці такі. Без [рэжысёра фільму] Філіпа дэ Брака людзі маглі б забыцца на тое, што я камедыйны актор».

«Прафесіянал» (1981)

Палітычныя кіраўнікі краіны адправілі сакрэтных агентаў на небяспечную місію да афрыканскага дыктатара, але яна правалілася. Персанаж Бэльмандо, які выжыў, намагаецца разабрацца ў прычынах няўдачы і адпомсціць.

 

Аматарскі трэйлер да фільму. Крыніца nea ion

Вострасюжэтны і драматычны баявік стаўся звышпапулярным па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі. Апошнюю сцэну фільму разам з музыкай Эньё Марыконэ памятаюць усе, хто хоць раз глядзеў стужку.

«Ас з асаў» (1982)

Фарсавая французска-нямецкая камедыя пераносіць нас у 1936 год – год берлінскай Алімпіяды, падчас якой Бэльмандо, былы французскі ваенны лётчык і сябар французскай алімпійскай каманды па боксе, ратуе габрэйскую сямʼю, падманвае нацыстаў і нават уступае ў канфлікт з самім Гітлерам.

Плакат да фільму «Ас з асаў». Крыніца www.movieposterdb.com

Адна з цытатаў з фільму: «Не блытай спорт з палітыкай!» – «А Гітлер іх не блытае?»

Паводзіны вельмі заклапочанага станам нямецкага спорту дыктатара шмат што нагадаюць беларускаму гледачу.

«Адрынутыя» (1995)

Вядомы рэжысёр Клёд Лелюш зняў фільм паводле сюжэту аднайменнай кнігі Віктора Гюго, але перанёс падзеі ў першую палову ХХ стагоддзя. Стужка паказвае сацыяльную няроўнасць, вайну і акупацыю, пераслед габрэяў і супраціў французаў нацыстам.

Плакат да фільму. Крыніца wikipedia.org

Фільм трапіў у спіс найлепшых стужак Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША, атрымаў прэмію «Залаты глобус» як найлепшая праца на замежнай мове, прэмію Лонданскага кола кінакрытыкаў, нацыянальную французскую кінапрэмію «Сэзар».

«Чалавек і ягоны сабака» (2008)

У 2001 годзе актор перанёс інсульт, пасля якога не акрыяў цалкам. 75-гадовы Бэльмандо вярнуўся на экран, каб выканаць ролю не авантурніка ці суперагента, але цяжка хворага старога чалавека, амаль самога сябе.

Трэйлер да фільму. Крыніца Films Annonces

Самотны стары знаходзіць пацеху толькі ў сваім адзіным сябры – сабаку. «Хоць я здымаўся ў 95 фільмах і зграў 40 тэатральных роляў, на гэтых здымках я быў шчаслівы як ніколі. Гэты фільм не падобны да таго, што я рабіў раней», – казаў Бэльмандо.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў