Бацькі асуджаных 6 верасня чальцоў прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і Максіма Знака распавялі ў інэтэрв’ю Youtube-каналу Віктара Бабарыкі пра доўгачаканыя сустрэчы з дзецьмі.
«Маша гучна смяялася, калі паглядзела выпуск па ТБ пра іх суд», – адзначыў Аляксандр Калеснікаў падчас першай сустрэчы з дачкой у СІЗА за год.
Паводле яго, у Марыі добрае самаадчуванне, штодня яна накручвае больш за 11 тысяч крокаў. На «спатканні» яна была прыгожа апранутая і з традыцыйнай чырвонай памадай.
Маша захапляецца прафесіяналізмам і талентам Максіма Знака і бярэ з яго прыклад у спартыўных дасягненнях. Таксама яна перадала вялікую ўдзячнасць усім адвакатам і лічыць, што былых адвакатаў не бывае. Да сваіх міжнародных узнагарод яна ставіцца даволі сціпла.
Судовы працэс над сабой яна лічыць пародыяй на правасуддзе і падзякавала прапагандыстаў за сюжэты, з якіх яна робіць свае высновы. Таксама Марыя была ўражаная колькасцю людзей, якія прыйшлі яе падтрымаць, і асабліва расчуленая была апладысментамі. Таксама яна папрасіла перадаць вялікую ўдзячнасць людзям, якія падтрымліваюць яе сям’ю.
Аляксандр Знак, які таксама сустрэўся з сынам, таксама распавёў, што суд Максім называе спектаклем. Разам з Машай яны нават прапанавалі даць інтэрв’ю дзяржаўным каналам, але тыя адмовіліся. А ўвечары ён паглядзеў, што распавялі пра ягоны суд на тэлебачанні.
Таксама Аляксандр Знак звярнуўся з просьбай да ўсіх, хто падтрымлівае зараз сваякоў палітвязняў:
«Не пішыце ў каментарах, што ўсё будзе добра і яны не адсядзяць увесь тэрмін. Калі такое адбудзецца, тады можна пісаць. А зараз вы пасяляеце пустую надзею ў нашых сэрцах».
Нагадаем, што Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку прысудзілі 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
Максім Знак будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Іх прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 КК), а таксама ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК).
МГ belsat.eu