Дзяржканалы адмовіліся ад інтэрв’ю са Знакам і Калеснікавай. Бацькі Марыі і Максіма распавялі пра сустрэчы з імі ў СІЗА


Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе.
Фота: Deutsche Welle/Telegram

Бацькі асуджаных 6 верасня чальцоў прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і Максіма Знака распавялі ў інэтэрв’ю Youtube-каналу Віктара Бабарыкі пра доўгачаканыя сустрэчы з дзецьмі.

«Маша гучна смяялася, калі паглядзела выпуск па ТБ пра іх суд», – адзначыў Аляксандр Калеснікаў падчас першай сустрэчы з дачкой у СІЗА за год.

Паводле яго, у Марыі добрае самаадчуванне, штодня яна накручвае больш за 11 тысяч крокаў. На «спатканні» яна была прыгожа апранутая і з традыцыйнай чырвонай памадай.

Маша захапляецца прафесіяналізмам і талентам Максіма Знака і бярэ з яго прыклад у спартыўных дасягненнях. Таксама яна перадала вялікую ўдзячнасць усім адвакатам і лічыць, што былых адвакатаў не бывае. Да сваіх міжнародных узнагарод яна ставіцца даволі сціпла.

Судовы працэс над сабой яна лічыць пародыяй на правасуддзе і падзякавала прапагандыстаў за сюжэты, з якіх яна робіць свае высновы. Таксама Марыя была ўражаная колькасцю людзей, якія прыйшлі яе падтрымаць, і асабліва расчуленая была апладысментамі. Таксама яна папрасіла перадаць вялікую ўдзячнасць людзям, якія падтрымліваюць яе сям’ю.

«Пасяляеце пустую надзею»

Аляксандр Знак, які таксама сустрэўся з сынам, таксама распавёў, што суд Максім называе спектаклем. Разам з Машай яны нават прапанавалі даць інтэрв’ю дзяржаўным каналам, але тыя адмовіліся. А ўвечары ён паглядзеў, што распавялі пра ягоны суд на тэлебачанні.

Таксама Аляксандр Знак звярнуўся з просьбай да ўсіх, хто падтрымлівае зараз сваякоў палітвязняў:

«Не пішыце ў каментарах, што ўсё будзе добра і яны не адсядзяць увесь тэрмін. Калі такое адбудзецца, тады можна пісаць. А зараз вы пасяляеце пустую надзею ў нашых сэрцах».

Артыкулы
Адвакаты будуць абскарджваць прысуд Калеснікавай і Знаку
2021.09.06 14:15

Нагадаем, што Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку прысудзілі 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Максім Знак будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Іх прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім (ч. 1 арт. 361-1 КК), а таксама ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК).

МГ belsat.eu

Стужка навінаў