Генштаб ЗСУ: Расея разгортвае ў Беларусі дадатковыя сілы супрацьпаветранай абароны


Расказваем, што пішуць пра 165-ы дзень поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у Дзень паветраных сілаў ЗСУ.

Паводле ранішняй зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, Узброеныя сілы Расейскай Федэрацыі перакідваюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь дадатковыя сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны.

Дэталяў гэтага перакідвання сілаў ЗСУ не публікуе. Але, напрыклад, праект «Беларускі Гаюн» нядаўна заўважаў, што цяжкі вайскова-транспартавы самалёт Іл-76 мог прывезці з Пскова ракеты для комплексаў С-300/400.

Пры гэтым ва Украіне лічаць пагрозу ўварвання беларускага войска мінімальнай, але пагрозу паветраных і ракетных удараў Расеі з тэрыторыі Беларусі – вельмі вялікаю. Пра гэта казаў 6 жніўня ў тэлемарафоне ўкраінскі вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што Расея вяла абстрэлы на сівэрскім, харкаўскім, славянскім, краматорскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, запарожскім і паўднёвабужскім напрамках; наносіла авіяўдары на харкаўскім, краматорскім, бахмуцкім і аўдзееўскім напрамках.

Наступальныя дзеянні Расеі не мелі поспеху ў раёнах Багародзічнага і Даліны на славянскім напрамку, Верхнякаменскага на краматорскім, Новабахмутаўкі і Краснагораўкі, Спартака і Аўдзееўкі на аўдзееўскім. Украінскія ваяры ўтрымалі пазіцыі на напрамках Валадымыраўкі і Якаўлеўкі, Пакроўскага і Бахмуту, Відроджэння і Вяршыны, Новалуганскага і Зайцава, дзе Расея спрабавала весці штурмавыя дзеянні.

Фота
У Канстанцінаўцы Данецкай вобласці ракета трапіла ў пяціпавярховік. Пагутарылі з тымі хто там жыў
2022.08.06 22:41

Як піша амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW), расейскія сілы спрабавалі правесці наземныя атакі, каб прарваць украінскія абарончыя лініі на поўнач, захад і поўдзень ад Данецку, ладзілі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны захад ад Славянску, на ўсход і поўдзень ад Бахмуту. На поўдні Украіны расейцы не вялі наступальных дзеянняў, а засяродзіліся там на абароне.

ISW адзначае, што «пастаянная ўкраінская партызанская дзейнасць і грамадзянскі супраціў выклікаюць расчараванне ў расейскіх акупацыйных сілаў» на фоне рыхтавання да «рэферэндумаў» аб анексіі. Расейскія дзяржаўныя медыі, дадае ISW, прапагандуюць працоўныя лагеры, рэпрэсіі ды расстрэлы ўкраінскіх партызанаў і мірных жыхароў, якія адмаўляюцца ад супрацы з акупацыйнымі ўладамі.

Абноўлена
У акупаванай Новай Кахоўцы застрэлілі намесніка кіраўніка прызначанай РФ «адміністрацыі»
2022.08.06 18:18

Нягледзячы на паветраныя трывогі, 7 жніўня плануецца выхад караблёў з украінскім збожжам з партоў Адэсы і Чарнаморску. Супольная каардынацыйная рада Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў 6 жніўня выдала адпаведны дазвол чатыром караблям з сельскагаспадарчаю прадукцыяй, паведамляла Міністэрства абароны Турэччыны.

Брытанская выведка адзначае, што слабыя поспехі расейскіх узброеных сілаў ва Украіне прывялі да адхілення прынамсі шасці расейскіх высокапастаўленых камандзіраў з пачатку поўнамаштабнай вайны, а ў баявых дзеяннях загінулі не менш за 10 расейскіх генералаў. Гэта мае ўплыў на ўстойлівасць расейскага камандавання і дадае тактычныя ды аператыўныя цяжкасці.

Расейскія і ўкраінскія сілы «абмяняліся абвінавачаннямі» ў небяспечным абстрэле акупаванай Расеяй Запарожскай атамнай электрастанцыі, што адбыўся 5 жніўня. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў гэта актам тэрору. Украінскае прадпрыемства «Енергоатом» паведамляе, што расейскія вайскоўцы абстрэльваюць Запарожскую АЭС, каб знішчыць яе інфраструктуру ды адлучыць ад энергасістэмы Украіны. Кіраўнік МАгАтЭ Рафаэль Гросі заявіў, што небяспека ядравай катастрофы «вельмі рэальная».

Аб’ектыў
«Гэта можа быць яшчэ адзін Чарнобыль ці яшчэ горш». Запарожская АЭС, магчыма, замінаваная
2022.08.06 23:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў