Суд Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску вынес прысуд палітвязню Сяргею Франчуку – стрыечнаму брату прадстаўніка палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Гэтым разам Франчука судзілі за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Вырак – 6 месяцаў калоніі, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Прысуд Сяргею Франчуку агучыла так званая суддзя Вольга Серакова.
Гэта ўжо другі прысуд, вынесены Франчуку. Першы – тры гады калоніі агульнага рэжыму, быў вынесены 27 красавіка 2023 года Менскім гарадскім судом (суддзя Яўген Пісарэвіч). Тады Сяргея Франчука прызналі вінаватым па трох крымінальных артыкулах, у тым ліку – за «распальванне варожасці» (арт. 130 КК).
Такім чынам, Сяргей Франчук асуджаны ўжо на тры з паловай гады калоніі. Ён быў затрыманы 9 жніўня 2022 года.
Праваабаронцы паведамляюць, што другі суд над палітвязнем распачаўся яшчэ ў траўні, але ў працэсе абвяшчалі перапынак да моманту разбору ягонай апеляцыі на папярэдні прысуд. Касацыйная скарга Сяргея Франчука засталася без задавальнення.
Сяргей Франчук – стрыечны брат прадстаўніка палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 7 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1493 чалавекі. Ініцыятыва «Dissidentby» лічыць, што ў краіне 1747 палітвязняў. З 2020 года ў Беларусі было заведзена больш за 12 000 крымінальных справаў за пратэсты.
Зміцер Міраш belsat.eu