Мінюст распачаў праверку грамадскай арганізацыі «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»


Міжнародная грамадская арганізацыя «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» 6 ліпеня атрымала ліст з Міністэрства юстыцыі з паведамленнем аб пачатку правядзення «кантрольных мерапрыемстваў для вывучэння дзейнасці арганізацыі на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статуту», паведамляе «Бацькаўшчына» на сваім сайце.

Дакументы за апошнія тры з паловаю гады арганізацыя мусіць падаць у Міністэрства юстыцыі да 13 ліпеня.

Асноўная частка дакументаў датычыць працы выбарных органаў Згуртавання, але ёсць і такі пункт: «дакументы, якія датычаць арганізацыі МГА ЗБС «Бацькаўшчына» школаў, курсаў для вывучэння беларускай мовы, культуры і гісторыі Беларусі«.

Арганізацыя мяркуе, што гэты пункт выцякае з адной з асноўных мэтаў, замацаванай Статутам: «спрыянне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі».

Hавiны
Улады распачалі правяранне БАЖ
2021.06.21 18:08

Раней пазапланавая праверка распачалася ў дачыненні іншых грамадскіх арганізацыяў – РГА «Беларускі ПЭН-Цэнтр», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», аб’яднанняў «Экадом», «Звяно», «Рух за свабоду».

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» заснаванае ў 1990 годзе, зарэгістраванае ў 1991 годзе, яно супрацоўнічае з беларускай дыяспарай больш як з 20 краінаў свету, спрыяе захаванню гісторыі і набыткаў беларусаў замежжа, наладжванню сувязяў паміж Беларуссю і яе суайчыннікамі. Дзякуючы шматгадовым захадам Згуртавання, у 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа». Важным кірункам аб’яднання ёсць навукова-даследчы. У серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» пабачылі свет 50 кніг, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларусаў замежжа.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў