Зноў арыштавалі былую дацэнтку Наталлю Дуліну – трэці раз за паўгода


Менш як праз месяц па вызваленні з «содняў» Дулінай прысудзілі яшчэ 15 дзён арышту.

Чалец Каардынацыйнай рады Наталля Дуліна падчас акцыі падтрымання студэнтаў і выкладчыкаў.

Былую дацэнтку МДЛУ, сябру асноўнага складу Каардынацыйнай рады Наталлю Дуліну зноў затрымалі 3 чэрвеня і асудзілі на 15 дзён арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП РБ), піша Каардынацыйная рада.

Суддзя адмовілася глядзець матэрыялы з камераў назірання, а «паверыла» словам «сведкі-міліцыянта»: Дуліна «размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася».

Гэта трэці арышт Дулінай з пачатку года. 10 траўня Дуліна выйшла на волю пасля 15 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» з YouTube-каналу радыё «Свабода», да таго адсядзела 15 дзён за антываенную акцыю 27 лютага.

Раней Наталля Дуліна працавала дацэнткай кафедры італьянскай мовы ў МДЛУ. Разам з дзвюма іншымі выкладчыцамі была звольненая з універсітэту за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Увосень 2020 года яна брала ўдзел у забастоўках ва ўніверсітэце, падтрымлівала студэнтаў і знялася ў відэароліку, які асуджае гвалт з боку дзяржавы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў