«Папрасілі выслаць доказы на e-mail». Як жыве беларус, якога абвінавачвалі ў ваенных злачынствах


У красавіку тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» апублікаваў некалькі відэа з аддзяленняў службы дастаўкі СДЭК у Мазыры, на якіх відаць, як расейскія вайскоўцы адпраўляюць велізарныя пасылкі ў Расею. На відэа трапіў і 35-гадовы Сяргей Калацэй. Ён адпраўляў ва Ульянаўск вечка багажніка (на кадрах ён быў у цывільнай вопратцы). Неўзабаве Генпракуратура Украіны абвінаваціла Калацэя ў забойстве мірных жыхароў Бучы і назвала камандзірам падраздзялення Нацыянальнай гвардыі Расеі з Ульянаўскай вобласці. Сам Калацэй адхіляе ўсе абвінавачанні і кажа, што ніяк не звязаны з ваеннымі або сілавымі структурамі. За месяц Генпракуратура Украіны так і не прывяла канкрэтных доказаў віны, пры гэтым у ведамстве падкрэслілі: «ёсць падставы лічыць, што ён забіў чацвярых чалавек і катаваў як мінімум аднаго чалавека». Сяргей Калацэй распавёў «Медузе», як за гэты месяц змянілася ягонае жыццё.

Першы падазраваны ў забойствах у Бучы – камандзір Нацыянальнай гвардыі Расеі Сяргей Калацэй. Крыніца: Venediktova Iryna / Facebook

Далей прыводзіцца простая мова Калацэя.

«Я ўсё жыццё пражыў у Мазыры. З 2011 года працую інжынерам тэхнічнага нагляду за будаўніцтвам на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Я ніколі не меў ніякага дачынення да сілавых структураў ні ў Беларусі, ні тым больш у Расеі. Я нават ніколі не служыў у войску: быў не прыдатны праз спартовую траўму на занятках адзінаборствамі вельмі даўно. Пры праходжанні медычнай камісіі ў ваенкамаце мяне камісавалі праз разрыў меніскаў.

Але даведку пра непрыдатнасць мне не далі, бо кожныя паўгода трэба праходзіць паўторную камісію: калі недзеяздольнасць пацвярджаецца або траўма турбуе, то адтэрмінаванне падаўжаюць. У ваенным білеце ў мяне напісана «не служыў».

Першы падазраваны ў забойствах у Бучы – камандзір Нацыянальнай гвардыі Расеі Сяргей Калацэй. Крыніца: Venediktova Iryna / Facebook

У Расеі я быў, але даўно – ездзіў туды на спаборніцтвы па рукаемным дужанні. Ва Украіне апошні раз быў у 2019 годзе – адпачываў разам з сям’ёй у Залізным Порце (сяло на беразе Чорнага мора ў Херсонскай вобласці) і Адэсе. Да гэтага мы шмат разоў ездзілі ў Кіеў – гулялі, адпачывалі. Горад заўсёды пакідаў добрыя ўражанні. Нам з Мазыра да Кіева бліжэй, чымся да Менску.

У памяшканні СДЭК у Мазыры я апынуўся 2 красавіка. У мяне быў выходны, я паехаў адправіць пакупніку з Ульянаўску бітае вечка багажніка свайго аўтамабіля, якую яшчэ ў сакавіку выставіў на продаж.

У аддзяленні СДЭК было шмат расейскіх жаўнераў, якія адпраўлялі мноства рэчаў. Усе яны былі запакаваныя: я не разглядаў, што там усярэдзіне. Мне хацелася як мага хутчэй адправіць вечка і зʼехаць, бо я спяшаўся. Прысутнасць [расейскіх] вайскоўцаў [у СДЭК] мяне не збянтэжыла – іх шмат у нашым горадзе ўжо цягам некалькіх месяцаў.

Абноўлена
Генпракурор Украіны: «Першы падазраваны ў справе аб забойствах у Бучы – нарадзінец Мазыра»
2022.05.02 18:03

Пра тое, што мяне абвінавацілі ў забойствах і катаваннях у Бучы, я даведаўся 2 траўня ад сваіх сяброў. Яны скінулі мне відэаролік з украінскім журналістам Дзмітрыем Рапленчуком – у ім ён вінаваціў мяне ў тым, чаго я не здзяйсняў. Затым сябры скінулі мне спасылку на тэлеграм-канал Генпракуратуры Украіны, дзе апублікавалі маё фота і заяву пра маю датычнасць да забойстваў чатырох жыхароў Бучы. Генпракурорка Украіны Ірына Вэнэдзіктава ў Facebook назвала маё імя, заявіла, што я камандзір падраздзялення Нацгвардыі РФ і абвінаваціла ў забойстве мірных жыхароў.

Калі шчыра, я быў у шоку. Я не разумеў, чаму яны зрабілі такую заяву! Я не магу нават выказаць здагадкі, адкуль Генпракуратура ўзяла гэтыя звесткі.

Сяргей Калацэй. Крыніца фота: slidstvo.info

Мне і маёй жонцы сталі сыпацца сотні паведамленняў у сацыяльных сетках ад незнаёмых мне людзей – з пагрозамі расправы. На працягу двух тыдняў штодня прыходзілі дзясяткі паведамленняў. Тэлефанавалі са схаваных нумароў. Хтосьці ўзламаў маю старонку «УКантакце», усе мае здымкі разышліся па сетцы разам з фота з аддзялення СДЭК. Іх суправаджалі каментары, што я нейкі камандзір Расейскай гвардыі. Але ўсё гэта выдумка. Я не ведаю, чаму мяне прынялі за расейскага вайскоўца.

Ніхто з прадстаўнікоў сілавых структураў Украіны [дасюль] не звязваўся са мною.

На вялікі жаль, я не валодаю ніякай інфармацыяй пра хаду расследавання [супраць мяне]. Я датэлефанаваўся па адным з нумароў Бучанскай пракуратуры. Слухаўку зняла дзяўчына, я назваўся і спытаў, з кім можна пагутарыць наконт выстаўленых супраць мяне падазрэнняў. Таксама я паведаміў ёй, што ў мяне ёсць доказы маёй недатычнасці да таго, што адбылося, і што я ўвесь гэты час [вайны] быў у Мазыры, у Беларусі.

Аналітыка
Што не так з першым падазраваным у ваенных злачынствах у Бучы – беларусам Сяргеем Калацэем?
2022.05.03 19:29

Дзяўчына сказала, што трэба выслаць пацверджанні маёй недатычнасці на электронную пошту, указаную на афіцыйным сайце ўкраінскай Генпракуратуры. Я не змог адправіць пацверджання, бо сайт выдаваў памылку. Больш мне не ўдалося даведацца ніякай інфармацыі.

Тады я сам звярнуўся ў беларускую пракуратуру з заяваю пра паклёп на мой адрас і тых, хто пагражаў маёй сямʼі. Мне паведамілі, што заведзеная крымінальная справа [наконт абвінавачанняў з боку Генпракуратуры Украіны]. Цяпер праводзіцца праверка, і, наколькі мне вядома, пацвярджаецца мая недатычнасць да якіх-кольвек злачынстваў ва Украіне.

Спадзяюся, праваахоўныя органы Украіны звяжуцца з органамі Беларусі, каб атрымаць неабходную інфармацыю. Спадзяюся на разважлівасць і прафесіяналізм прадстаўнікоў праваахоўных органаў Украіны. На тое, што яны больш дэталёва вывучаць усе факты і здымуць свае падазрэнні.

Складана апісаць, што давялося перажыць маім родным. Псіхалагічна цяжка, калі ідзе такі прэсінг. Немагчыма зразумець, чаго чакаць, як будуць далей развівацца падзеі і як дзеяць у такой сітуацыі. Не кожны дзень мяне вінавацяць у ваенным злачынстве. Натуральна, з майго атачэння ніхто не паверыў у гэтыя абвінавачанні: калегі і сябры ўсяляк мяне падтрымліваюць. Людзі часам пазнаюць, падыходзяць, цікавяцца, як справы, і выказваюць падтрымку.

Аб’ектыў
Сяргей Калацэй: «Спыніцеся, я не ваенны злачынец!»
2022.05.03 23:05

Маё асабістае стаўленне да вайны жудаснае. Я заўсёды быў супраць любой вайны, якой бы яна ні была. Бо гіне шмат людзей – дзеці, жанчыны, старыя. Руйнуюцца гарады і дамы, якія гадамі будаваліся. Я супраць!»

Нагадаем, што 2 траўня былы генеральны пракурор Украіны Ірына Вэнэдзіктава назвала імя першага падазраванага ў забойствах у Бучы. Ім стаўся жыхар Мазыра Сяргей Калацэй.

25 і 31 траўня ва Украіне былі асуджаныя першыя падазраваныя ў здзяйсненні ваенных злачынстваў. Сяржанта Вадзіма Шашымарына асудзілі на пажыццёвае зняволенне, а Аляксандра Бабыкіна і Аляксандра Іванова асудзілі на 11,5 гадоў зняволення.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў