Пачалі судзіць сацыёлага Таццяну Вадалажскую. Пракурор просіць 2,5 года «хіміі»


На суд пусцілі ахвочых. Вадалажскую трымалі ў кайданках, хоць яна паўгода была пад падпіскай аб нявыездзе і нікуды не ўцякала.

Таццяна Вадалажская.
Фота: The Village Беларусь/Telegram

У судзе Заводскага рану Менску 7 чэрвеня пачаўся разгляд справы палітычнай зняволенай Таццяны Вадалажскай, суддзя – Алег Каляда. Пракурор просіць прысудзіць ёй 2,5 года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»), піша «Вясна».

Вадалажскую затрымалі 4 жніўня 2021 года разам з філосафам Уладзімірам Мацкевічам, у ейнай кватэры правялі ператрус. Спачатку ёй прысудзілі 10 дзён арышту, потым вызвалілі ў статусе падазраванай у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ).

23 сакавіка 2022 года Вадалажская падала хадайніцтва ў Следчы камітэт з просьбай дазволіць выезд у Літву на лекаванне, а ў адказ атрымала пастанову аб заключэнні пад варту. Да суду яе змясцілі ў СІЗА № 1.

Гісторыі
«Можна пасадзіць чалавека, але нельга пасадзіць ягоныя ідэі». Хто такая сацыёлаг Таццяна Вадалажская
2022.06.07 12:16

Таццяна Вадалажская – вядомы беларускі сацыёлаг і метадолаг. Акрамя гэтага, яна – кандыдатка сацыялагічных навук (PhD), экспертка Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэту», старэйшы аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі. Ад самага пачатку Таццяна ўдзельнічае ў аргкамітэце Міжнароднага кангрэсу даследнікаў Беларусі, уваходзіць у склад акадэмічнай рады міжнароднай PhD-праграмы для Беларусі. Аўтарка кніг і артыкулаў на тэмы: метадалогія гуманітарных навук, культурная палітыка, беларускае сучаснае мысленне.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў