«Мы адказныя за тое, што будуць ведаць нашчадкі». Журналістка Зоя Хруцкая пра жыццё, медыяпраект і планы


Зоя Хруцкая была журналісткай маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты», а цяпер, прыехаўшы праз Расею і Украіну ў Польшчу, разам з калегамі стала адной з ініцыятарак стварэння новага рэсурсу, што мае распавядаць пра жыццё беларускіх рэгіёнаў. Карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з журналісткай пра жыццё ў Беларусі і эміграцыі, працу ды запуск медыяпраекту, які неўзабаве распачне паўнавартаснае жыццё.

Зоя Хруцкая.
Фота: Настасся Уткіна

У «Рэгіянальнай газеце» Зоя Хруцкая працавала з 2010 года. У 2020-м яна была адной з тых, хто асвятляў беларускую рэвалюцыю ў Маладзечне. І ў выніку ўлетку 2021 года мусіла тэрмінова пакінуць Беларусь. Цяпер Зоя жыве ў Польшчы, у Беластоку, дзе мы і сустрэліся спякотным летнім днём за шклянкай халоднай вады. «Такі мой шлях жыццёвы. Я расла ў такой сям’і, мела такі жыццёвы досвед, што ў 2020 годзе немагчыма было зрабіць па-іншаму», – адказвае суразмоўца на пытанне, ці не шкадуе пра тое, што актыўна асвятляла падзеі ў родным горадзе.

Горад з яскравай прагай да свабоды

Маладзечна ў 2020 годзе было адным з найбольш пратэставых гарадоў Беларусі. Прычым супрацьстаянне з сілавікамі тут пачалося яшчэ падчас выбарчай кампаніі. Атрымаў розгалас выпадак, калі на маладзечанскім пікеце салідарнасці з Віктарам Бабарыкам у аднаго з міліцыянтаў падчас затрымання вываліўся пісталет.

«Маладзечна – гэта горад, дзе вельмі яскравая прага да свабоды. Каб было справядліва. Каб было па-беларуску. Да таго, каб была еўрапейская краіна Беларусь», – кажа Зоя Хруцкая. Нягледзячы на небяспеку, суразмоўца разам са сваймі калегамі Настассяй Уткінай і Ігарам Палынскім палічылі абавязкам фіксаваць тыя падзеі, што адбываліся ў горадзе. Вынікам гэтага стаў вялікі архіў фота- і відэасведчанняў, якія ўжо ператварыліся ў гістарычныя крыніцы пра той час. «Мы проста па-іншаму не маглі. Нам было гэта вельмі важна», – адзначае суразмоўца. Адчувалі гэта і звычайныя жыхары гораду, якія «не знали друг друга до этого лета».

«Людзі аб’ядналіся, знайшлі адзін аднаго. Я ведала, што магу давяраць людзям, якіх я бачыла першы раз у жыцці. Што яны мяне не пакрыўдзяць, яны мяне абароняць, яны мяне могуць схаваць», – кажа Зоя Хруцкая.

І прыгадвае, як зусім невядомыя ёй людзі правозілі яе на сваёй машыне праз міліцэйскае ачапленне да жаночага ланцуга салідарнасці: «Як зразумець, гэта нашыя ці не нашыя? У такіх сітуацыях ты адразу ведаеш, што гэта нашыя людзі і ты можаш сесці ў гэтую машыну. І ты дакладна бяспечна даедзеш».

«Фашыстка», «хутка здохнеш»

Але за народным уздымам прыйшла рэакцыя ўладаў. Было зразумела, што «кола звужаецца і прыйдуць да кожнага, хто хоць нейкую актыўнасць паказаў», адзначае суразмоўца. Але ўсё адно хацелася заставацца ў Беларусі і працаваць столькі, колькі магчыма. Першы раз журналістку разам з ейнай калегай Настассяй Уткінай затрымалі 20 чэрвеня 2021 года, калі яны прыйшлі да помніку пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі, да якога маладзечанцы планавалі ўскласці кветкі. Ніхто нічога не паспеў зрабіць, бо прыехала міліцыя і ўсіх забрала.

Фота + Відэа
Збілі дэпутата і ягоных аднавяскоўцаў у Лебедзеве пад Маладзечнам
2020.08.12 17:50

А неўзабаве на прапагандысцкіх рэсурсах з’явіўся «папераджальны стрэл» – публікацыя пра тое, што годзе трываць «змагарскае выданне» – «Рэгіянальную газету». Пералічаліся там і прыватныя старонкі журналістаў. «Мне пасыпаліся розныя прыватныя паведамленні, кшталту «фашыстка», «хутка здохнеш», – кажа суразмоўца. А 19 ліпеня ў рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты» і дадому амаль да ўсіх працаўнікоў, у тым ліку і да Зоі, прыйшлі сілавікі з ператрусам. Пасля былі прэсінг з боку сілавікоў, допыт у Следчым камітэце і разуменне, што ты больш не зможаш нават бяспечна адправіць дзіця ў школу, кажа суразмоўца.

«Цудам засталіся жывымі»

У выніку пастанавілі з’язджаць. Дэталяў выезду з Беларусі Зоя Хруцкая пакуль яшчэ не можа распавесці. «Мы без перабольшвання цудам засталіся жывыя. У дарозе здарылася сітуацыя, пасля якой мы зусім па-іншаму пачалі глядзець на жыццё, бо кожны дзень цяпер – гэта сапраўды як дар», – кажа суразмоўца. З’язджалі ўтрох: Зоя, ейны 12-гадовы сын Стас і калега Настасся Уткіна. Шлях ішоў праз Воршу на Смаленск, а адтуль – на Бранск і ўжо ва Украіну.

«Калі пабачыла памежны слуп «Украіна», то такой палёгкі даўно не адчувала. Асабліва ўлічваючы некалькі вельмі напружаных і цяжкіх дзён, калі ў кожнай машыне, падаецца, едзе Вадзім Прыгара – начальнік маладзечанскага РАУСу», – распавядае журналістка.

Ва Украіне Зоя з сынам была тры месяцы – чакалі, калі зробіцца віза ў Польшчу: «Я не рыхтавалася нікуды выязджаць – візы не было ні ў мяне, ні ў майго сына». Дапамагалі ўцекачам сваякі ды ўкраінскія журналісты. «Быў адзін момант, які мяне вельмі моцна крануў. Так атрымлівалася, што мы ўжо не маглі жыць на першай кватэры, а іншай у нас не было. І ўкраінская калега прапанавала, каб я з сынам пажыла ў яе. Прычым гэтая журналістка мяне бачыла адзін раз у жыцці», – распавядае журналістка. Не забывалі Зою і ў Беларусі.

Радзіма «памятае»

У Кіеве сын Зоі Стас пайшоў у Беларускую онлайн-школу, якую ўтварыла музыка і акторка Настасся Шпакоўская. А вось забраць дакументы з маладзечанскай гімназіі № 7, дзе хлопчык вучыўся раней, было не такой і простай задачай. «Школа вельмі не хацела з намі нармальна камунікаваць, проста аддаць дакументы. Яны даставалі маіх сваякоў, якія заставаліся ў Беларусі», – кажа журналістка.

Зоя Хруцкая.
Фота: Настасся Уткіна

Прычыну гэтага яна бачыць у сваіх ранейшых артыкулах пра ўстанову: пра нядопуск у гімназію назіральнікаў на выбарах, пра звальненне за ўдзел у пратэстах настаўніцы – стыпендыяткі прэзідэнцкага фонду ды пра нязгоду бацькоў вучняў на адкрыццё каля самай школы прытулку для бесхацінцаў.

«Мой муж прыйшоў на гутарку з дырэктаркай школы Вольгай Вярховіч. І яна сказала, што «няўжо вы думаеце, што ў вас так усё будзе проста пасля таго, як вы столькі перашкод прынеслі»?» – распавядае суразмоўца.

Калі муж Зоі таксама выехаў ва Украіну, прадстаўнікі школы пачалі тэрарызаваць тых яе сваякоў, хто застаўся ў Беларусі. Яны тэлефанавалі маці журналісткі, патрабавалі адчыніць ім дзверы, пагражалі міліцыяй, каб нібы праверыць, што сын суразмоўцы сапраўды выехаў ва Украіну, а не застаўся ў Маладзечне. Маці праз некалькі тыдняў пасля гэтага памерла. «Я проста не ўяўляю, як гэтыя людзі могуць вучыць дзяцей. Пры гэтым я ведаю дакладна, што ў гэтай школе застаюцца сумленныя і вельмі добрыя настаўнікі. І мне шкада, што сістэма пабудаваная так, што добрыя настаўнікі, на жаль, не могуць вырашаць важных пытанняў, а павінны падпарадкоўвацца тым, хто не заслугоўвае наогул ніякую ўладу трымаць у руках», – злуецца Зоя.

«Вельмі шмат гісторыяў не расказана»

З Украіны суразмоўца з сям’ёй напрыканцы восені 2021 года пераехала ў польскі Беласток, дзе гарадзенскі журналіст Руслан Кулевіч ствараў каўоркінг для працы беларускіх журналістаў і рыхтаваў запуск выдання «Мост». «Зразумела было, што мы едзем не ў нікуды. Што там ёсць людзі, якім мы давяраем, якія аднаго з намі погляду і якія выдатныя журналісты», – адзначае суразмоўца. Пераехалі ў Беласток і калегі Зоі Хруцкай з «Рэгіянальнай газеты»: Ігар Палынскі і Настасся Уткіна. Яшчэ ў Кіеве тройка маладзечанскіх журналістаў задумала стварыць уласнае медыя, каб распавесці тыя гісторыі людзей, якія яшчэ не былі расказаныя. Пры гэтым засяродзіцца хацелі менавіта на беларускіх рэгіёнах.

«Я чула меркаванне, што ўжо столькі шмат медыяў, столькі ініцыятываў, што куды ўжо яшчэ ствараць. Але гэта няпраўда. У нас на самай справе так мала ініцыятываў і так мала медыяў! Іх павінна быць нашмат болей. Па-добраму – у кожным райцэнтры хаця б па некалькі. Бо вельмі шмат гісторыяў не расказана. А столькі гісторыяў павінны быць пачутыя», – мяркуе Зоя Хруцкая.

Частку гісторыяў журналісты прывезлі з Беларусі, частку – назбіралі ўжо ва Украіне. З восені ж пачалася праца над стварэннем рэсурсу і яго сацсетак.

«Вучыцца вырашаць канфліктныя сітуацыі»

У Кіеве ж была прыдуманая і назва будучага выдання – «Коска».

«Яна адразу стала настолькі арганічнай і роднай. У ёй столькі сэнсаў. Гэта выдатнае слова для беларускага медыя», – адзначае суразмоўца.

Але праз тое, што назва новага медыярэсурсу супала з назвай беларускага выдавецтва, ад слова «Коска» давялося адмовіцца. Ужо знойдзеная крыніца натхнення для новай назвы, але пакуль яна не кладзецца гэтак жа добра, як і ранейшая. Назваць яе плануецца бліжэйшым часам. На думку суразмоўцы, сварка адносна назвы паказала, «наколькі нам, беларускай супольнасці, важна вучыцца пераадольваць розныя канфліктныя сітуацыі». Паводле яе, замест мірнага развязання, пытанне выносіцца на публіку і перарастае ў вялікі ком, які «прыносіць шмат болю ўсім удзельнікам гэтага працэсу».

Зоя Хруцкая.
Фота: Настасся Уткіна

Зоя Хруцкая адзначыла, што выдавецтва не звярталася да выдання з прэтэнзіямі. У выніку яна сама звязалася з прадстаўніком выдавецтва, і дзеля бяспекі яго працаўнікоў было вырашана адмовіцца ад сугучнай назвы новага медыярэсурсу. «Канечне, мы вельмі хочам, каб людзі ў Беларусі былі ў бяспецы, наколькі гэта магчыма. І мы дакладна не хочам, каб хтосьці любым чынам цярпеў праз нашую дзейнасць», – кажа журналістка.

«З трэцяга разу ў нас атрымаецца»

Агулам гэтая ўжо трэцяя цяжкасць, што ўзнікла на шляху ў свет у новага выдання. Зоя Хруцкая параўноўвае гэта з казкай, дзе герой вымушаны пераадолець шмат перашкодаў, «але ў выніку прыходзіць да нейкага шчаслівага рашэння». Сайт планавалася запусціць яшчэ 24 лютага. Быў падрыхтаваны адпаведны кантэнт, і заставалася толькі ўрачыста ўсім разам націснуць на кнопку. Але запуск сайту быў перанесены, бо ў гэты ж дзень пачалася расейская агрэсія супраць Украіны.

«Ва ўсіх нас быў шок: што цяпер рабіць? Як далей жыць? Якая ў нас цяпер новая рэальнасць? У мяне таксама блізкія людзі ва Украіне, за якіх я вельмі хвалююся», – распавядае Зоя Хруцкая.

Наступнай праблемай стала тое, што зламаўся вінчэстар ад камп’ютара з усімі відэа, знятымі для новага праекту. І ўсе матэрыялы апынуліся пад пагрозай знікнення. На шчасце, іх атрымалася аднавіць. «Але мы спадзяемся, што з трэцяга разу ў нас атрымаецца запусціцца», – кажа суразмоўца. Пры гэтым яна прызнае, што неўзабаве новы рэсурс можа быць прызнаны экстрэмісцкім.

«Усё роўна ідзем да гэтай мэты»

Каб паскорыць змяненні ў Беларусі і выхад на волю палітвязняў, журналісты новага медыярэсурсу лічаць сваім абавязкам працягваць распавядаць пра людзей, «якія столькі сваіх сілаў, столькі рызыкі ўклалі ў тое, каб усё ж такі Беларусь змянілася».

Зоя Хруцкая.
Фота: Настасся Уткіна

«Гэтыя людзі часта невядомыя шырокаму колу людзей. Іх імёны таксама нельга забываць. Наіўна думаць, што ўсё ахоплена. Ёсць яшчэ вельмі шмат, чаго трэба распавесці. Так склалася, што мы, людзі, якія цяпер працуюць, адказныя за тое, што пра нашую гісторыю, пра тое, што адбываецца цяпер, будуць ведаць нашыя нашчадкі. Тое, як мы яе захаваем, так і будуць пасля ацэньваць тое, што адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца», – мяркуе журналістка. Выданне вырашыла адмовіцца ад навінаў, каб сканцэнтравацца на гісторыях людзей. Іх досведзе і варыянтах пераадолення складаных сітуацыяў.

«Пра наш запал вельмі шмат кажа тое, што нас не спыніла нічога. Столькі перашкод было на нашым шляху. Здавалася, усё адбылося, каб мы перадумалі. Але, відаць, сапраўды вельмі трэба стварыць такі рэсурс, калі мы працягваем і не спыняемся, і ўсё роўна ідзем да гэтай мэты», – падкрэслівае Зоя Хруцкая.

Праект дагэтуль застаецца валанцёрскім, «і ўсё, што мы робім, мы робім самі», кажа суразмоўца. Але журналісты спадзяюцца, што так будзе не заўсёды і што медыярэсурс падтрымаюць перадусім тыя, для каго важныя іх родныя мясціны і іх гісторыя, нават калі яны самыя ўжо жывуць у эміграцыі. Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў