Канцлер Нямеччыны выступіў супраць зняцця санкцыяў з Лукашэнкі дзеля транспартавання пшаніцы


Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц выказаўся супраць паслаблення санкцыяў у дачыненні да беларускіх уладаў дзеля арганізацыі транспартавання ўкраінскай пшаніцы, паведамляе выданне LRT. Адным з альтэрнатыўных варыянтаў рашэння праблемы Шольц бачыць перапраўку ўкраінскага зерня праз парты краін Балтыі. На думку канцлера, такі маршрут магчыма будзе арганізаваць.

Федэральны канцлер Нямеччыны Олаф Шольц. 2017 год.
Фота: bundesfinanzministerium.de

«Гэты транспарт ніякім чынам не павінен стаць для нас перадумовай для зняцця санкцыяў з Лукашэнкі. Гэта цяжкая і вялікая задача. Мы пастараемся знайсці агульнае рашэнне з іншымі дзяржавамі і ААН», – сказаў Шольц на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.

Канцлер Нямеччыны падкрэсліў, што арганізацыя экспарту ўкраінскага збожжа важная для ўсяго свету. Ён усклаў адказнасць за стварэнне пагрозы харчовага крызісу на Расею. Пры гэтым Шольц адзначыў, што калі будзе дасягнутае нейкае пагадненне, яно не павінна пакідаць Расеі магчымасці злоўжываць збожжавымі калідорамі.

Гітанас Наўседа паўтарыў, што арганізацыя збожжавага транзіту праз Беларусь запатрабуе і аднаўлення чыгуначнай інфраструктуры, аднак няма гарантый, што яна надалей не будзе выкарыстоўвацца для наступу Расеі на Украіну.

«Ці не здарыцца так, што на нейкім этапе вайны баявая тэхніка зноў рушыць у зваротным кірунку?» – спытаўся прэзідэнт Літвы.

Нагадаем, што праз поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну было заблакавана каля 20 млн. тон збожжа. Парты ў Чорным моры спынілі звычайныя гандлёвыя маршруты. Украіна звярнулася да Еўразвязу з просьбай пра дапамогу.

Hавiны
Святлана Ціханоўская заклікала Захад адмовіцца ад ідэі транзітнай угоды з рэжымам Лукашэнкі
2022.06.02 23:13

У той жа момант Аляксандр Лукашэнка праз дыпламатычныя каналы прапанаваў ААН у абмен на транзіт украінскага збожжа праз тэрыторыю Беларусі адкрыць марскія парты балтыйскіх краін для перавозкі беларускіх калійных угнаенняў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў