Губернатар Ніжагародскай вобласці Расеі паведаміў, што Захара Прылепіна вывелі з медыкаментознага сну. «Ягоны стан стабільны, настрой бадзёры», – сцвярджае чыноўнік.
Губернатар Ніжагародскай вобласці Глеб Нікіцін у сваім Telegram-канале напісаў, што Захар Прылепін апрытомнеў. «Паводле словаў лекараў, ягоны стан стабільны, настрой бадзёры», – паведаміў чыноўнік.
«Пачуваецца добра. У бадзёрым настроі, наколькі гэта магчыма ў гэтай сітуацыі», – заявіла агенцтву ТАСС прэс-сакратарка Прылепіна Лізавета Кандакова.
Захар Прылепін – пісьменнік, сустаршыня партыі «Справедливая Россия – Патриоты – За правду», адзін з ідэолагаў «русского мира». У 2016 – 2018 гадах наўпрост удзельнічаў у баявых дзеяннях у Данбасе на пасадзе намесніка камандзіра батальёна спецназа.
6 траўня ў выніку выбуху ён атрымаў сур’ёзныя раненні. Тэлеканал РЕН паведамляў, што ў Прылепіна выяўленая цяжкая спалучаная траўма, выбуховае раненне, кантузія абодвух лёгкіх, шматлікія пераломы. Расейскія следчыя органы называюць здарэнне тэрактам.
Сяргей Крот belsat.eu