У дачыненні да працаўнікоў «Crocus City Hall» пасля тэракту пачалі справу за халатнасць


Следчы камітэт РФ пачаў крымінальную справу пра халатнасць пасля тэракту ў «Crocus City Hall». Пра гэта ТАСС паведамілі ў праваахоўных органах.

Канцэртная заля «Крокус Сіці Хол» пасля тэракту. Скрыншот з відэа sledcom.ru

Як заяўляецца, крымінальная справа паводле арт. 293 КК РФ («Халатнасць») распачата ў дачыненні да адказнага за пажарную бяспеку «Crocus City Hall», а таксама начальніка пажарнай каманды цэнтру. Справа звязаная з магчымымі парушэннямі патрабаванняў пажарнай бяспекі, якія маглі пагоршыць сітуацыю пасля падпалу канцэртнай залі тэрарыстамі.

Абодва працаўнікі цяпер знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Hавiны
«Аховы быццам бы не было». Што кажуць відавочцы маскоўскага расстрэлу
2024.03.22 23:02

Раней відавочцы сцвярджалі, што ў канцэртнай зале пасля яго падпалу нападнікамі не спрацавалі сістэмы аўтаматычнага пажаратушэння, дымавыдалення, не ўключылася аварыйнае асвятленне. А ў праваахоўных органах заяўлялі, што матэрыялы, якімі былі аздобленыя сцены глядзельнай залы «Crocus City Hall», маглі спрыяць імкліваму развіццю ўзгарання.

Вечарам 22 сакавіка перад канцэртам гурту «Пікнік» у маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» адбылася масавая страляніна, гучалі выбухі, адбыўся пажар. Ахвярамі тэракту сталі 145 асобаў, у тым ліку грамадзяне Беларусі.

І хоць адказнасць за напад на сябе бралі прадстаўнікі «Ісламскай дзяржавы», улады Расеі працягваюць настойваць на ўкраінскім следзе.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў