Дацкі міністр: Улады Беларусі выкарыстоўваюць мігрантаў для ціску на Еўразвяз


Сістэма надання прытулку ў Еўразвязе не працуе і патрабуе як найхутчэйшага развязання. Пра гэта гаворыцца ў супольным закліку Даніі і яшчэ сямі краінаў ЕЗ, якія занепакоеныя новымі плынямі ўцекачоў і мігрантаў.

Мігранты пазіруюць беларускаму фотакарэспандэнту перад дротам на беларуска-польскай мяжы. Кузніца, Польшча. 17 лістапада 2021 года.
Фота: Policja / Twitter

Урады васьмі краінаў заклікаюць Еўрапейскую камісію як мага хутчэй прапанаваць агульную стратэгію адносна ўцекачоў і міграцыі. Паводле іх, вонкавыя межы ЕЗ застаюцца пад моцным ціскам. І хоць апошнімі гадамі колькасць мігрантаў і ўцекачоў змяншалася, з’явіліся прыкметы таго, што гэтая тэндэнцыя мяняе кірунак. У 2022 годзе назіраўся відавочны рост у параўнанні з папярэднім годам, і апошнія звесткі паказваюць, што ўзровень не знізіўся і ў 2023 годзе.

Толькі за 2022 год было здзейснена 330 000 незаконных перасячэнняў мяжы Еўразвязу. І міністр іміграцыі і інтэграцыі Даніі Корэ Дубвад (Kaare Dybvad) папярэджвае пра новы міграцыйны крызіс:

«Сёння ўцекачоў выкарыстоўваюць як інструмент вонкавай палітыкі. Некаторыя краіны, напрыклад, Беларусь, гэтак ціснуць на іншыя краіны, бо ведаюць, што калі прыбудзе шмат уцекачоў, у нас узнікнуць праблемы як у палітыкаў».

Улады Беларусі ж ініцыявалі памежны крызіс у 2021 годзе. Найбольш вострым ён быў у лістападзе 2021 года, але сітуацыя не развязаная і дагэтуль.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў