«Расея скацілася на ўзровень гітлераўскай Нямеччыны». Гісторыя двух братоў, якія ўцяклі з РФ у Нідэрланды


Браты Мікіта і Артур Раманавы выехалі з Расеі, бо не змаглі жыць у прасторы скажонай рэальнасці. Збеглі не толькі ад прапаганды, але і ад верагоднага прызыву ў расейскае войска – каб не запэцкаць сябе крывёю.

Расейцы Мікіта і Артур Раманавы ў лагеры для ўцекачоў у Нідэрландах. Фота прадастаўлена “Белсату” героямі публікацыі.

Мікіту Раманаву 29 гадоў. У расейскім войску ён адслужыў яшчэ ў 2010–2011 гадах. І зусім не чакаў званка з ваенкамату. Патэлефанавалі 10 сакавіка.

«Цяжка ўсведамляць, што твае суграмадзяне робяць такія жахі»

«Патэлефанавалі і папрасілі прыйсці да іх наконт пытання вайсковага ўліку. Я спытаў: які яшчэ ўлік, калі я даўно адслужыў? І мне намякнулі, што ёсць тэма з кантрактам і іншае, але, маўляў, вельмі і вельмі просім прыйсці. Але я ж не дурань, разумеў, што калі туды пайду, назад не выйду. І пасля гэтага пачаў пакаваць свае рэчы і шукаць шляхі ўцёкаў за мяжу», – распавядае Мікіта Раманаў.

На пытанне, ці ўпэўнены ён, што яго адправілі б на вайну супраць Украіны, Мікіта адказвае, што не, не ўпэўнены: маглі адправіць служыць у іншае месца. Але рэч не ў гэтым.

«Я проста нават асацыявацца не хацеў з імі, бо тая армія, у якой я служыў дзесяць гадоў таму, была абсалютна іншая, з іншымі маральнымі прынцыпамі, падборам кадраў і г. д. І такога, што адбываецца цяпер, я думаю, ніколі б не дапусцілі», – упэўнены Мікіта.

Ён удакладняе, што служыў у пяхоце, у 205-й мотастралковай брыгадзе, якая пазней «засвяцілася» ў падзеях са збітым над Данбасам самалётам «Boeing-777» авіякампаніі «Malaysia Airlines». Сцвярджае таксама, што кантрактнікі гэтай жа брыгады ўдзельнічалі ў ваенным канфлікце на Данбасе.

Аналітыка
«З усім змесцівам зраўняць з зямлёй». Што кажуць пра частку, дзе служылі меркаваныя каты Бучы
2022.04.05 19:34

«Чаму здарылася такая дэградацыя? Я не ведаю, я да гэтага часу ў шоку. Я не магу паверыць, што людзі, якія носяць форму расейскай арміі, могуць чыніць такое, як у Бучы, напрыклад. У мяне ў галаве гэта не ўкладаецца. Цяжка ўсведамляць, што твае суграмадзяне чыняць такія жахі. А сярод іх могуць быць твае былыя калегі, твае сябры дзяцінства ці аднакласнікі… Страшна!» – кажа Мікіта Раманаў.

Паводле ягоных звестак, званкі і позвы з расейскіх ваенкаматаў паступалі шмат якім вайсковаабавязаным мужчынам-запаснікам.

«Табе прамыла мазгі заходняя прапаганда»

Да сваіх уцёкаў з Расеі Мікіта працаваў у прэстыжнай міжнароднай школе, у якой навучанне вялося на англійскай мове. Вучыліся ў ёй, сярод іншага, дзеці расейскіх дыпламатаў. Калектыў быў таксама элітны: людзі, якія маюць выдатную адукацыю, якія пастаянна ездзілі за мяжу, праводзілі там некалькі гадоў.

«Дык вось самае страшнае, што і гэтыя людзі паддаліся прапагандзе. А калі хтосьці і не ўхваляе дзеянняў расейскіх войскаў ва Украіне, то працягвае маўчаць», – кажа наш суразмоўца.

Паводле Мікіты, усе ягоныя спробы «займацца на працы антываеннай агітацыяй» заканчваліся папрокамі ў тым, што ягоныя мазгі «прамыла заходняя прапаганда» і што ён «нічога не разумее», а таксама парадамі «глядзець свае навіны». Кажа, што, хоць вынікі сацапытанняў, згодна з якімі больш за 70 % расейцаў падтрымліваюць Пуціна, яго крыху здзіўляюць, ён ведае, «адкуль растуць ногі».

Артур Раманаў. Фота прадаставіў суразмоўца

«Людзі запалоханыя і баяцца нават мець сваё меркаванне, не тое што выказваць яго. Людзі баяцца атрымаць за гэта тэрміны. Пры гэтым расейцаў цяпер затрымліваюць проста за белыя аркушы паперы…» – распавядае Мікіта.

Мужчына кажа, што яшчэ ў 2013 годзе ўсвядоміў, што ў краіне «нешта не тое»: эканоміка не расце, велізарныя сродкі знікаюць у нейкую дзірку. Паспрабаваў разабрацца і натрапіў на вядомае расследаванне аб карупцыі ў Расеі. Прызнаецца, што інфармацыя «ўзарвала мозг». Тады ж стаў хадзіць на акцыі пратэсту ў Маскве. Пазней да яго далучыўся ягоны малодшы брат Артур, які з 2018 года працаваў як цывільная асоба ў Расгвардыі. Але ў 2021 годзе, пасля таго як быў заўважаны на акцыі пратэсту ў падтрымку Навальнага 21 красавіка, яго змусілі звольніцца.

Папрасілі прытулку ў Нідэрландах

«Начальнік выклікаў да сябе і пачаў пытацца, навошта я ўдзельнічаю ў такой дзейнасці. Я адказаў, што займаюся гэтым у свой непрацоўны час. І тады ён заявіў: альбо я на ўласнае жаданне звальняюся, альбо ён перадае дакументы далей, каб на мяне завялі справу», – распавядае Артур.

Аб сваёй службе ў Расгвардыі Артур Раманаў успамінае без асаблівага жадання, кажа аб «унутранай блытаніне» ш гэтых войсках і аб тым, што яны выконвалі пераважна функцыі паліцыі. Удзельнічалі таксама і ў падаўленні і ў разгонах акцый пратэстаў у Маскве і атрымлівалі грошы за кожны «выхад на мітынг». Але, як сцвярджае, сам ён займаў цывільную пасаду на КПП і ў гэтым не ўдзельнічаў.

Артур Раманаў падчас акцыі ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года. Фота прадаставіў суразмоўца

Артуру ўсяго 21 год, але ніякіх перспектываў для сябе ў Расеі ён ужо не бачыць. Таму прыняў рашэнне ехаць разам з братам.

«Рэпрэсіі там раскручваюцца. І я адчуваў, што, калі не паеду, то, хутчэй за ўсё, траплю ў турму», – кажа Артур.

Мікіта і Артур Раманавы пакінулі Расею 18 сакавіка. Спачатку – Стамбул, потым Афіны, пасля – Варшава. У польскай сталіцы падалі запыт на візу ў амерыканскую амбасаду. Банкаўскі рахунак у Варшаве адкрыць таксама не ўдалося – атрымалі адмову ад чатырох банкаў. («Да моманту, як я даставаў расейскі пашпарт з кішэні, усё было добра, але як толькі бачылі вокладку пашпарта РФ, крывілі твар і адмаўлялі»).

Паводле Мікіты, 25 сакавіка яны прынялі ўдзел у беларускім Маршы Волі ў Варшаве, а на наступны дзень з мясцовымі актывістамі зладзілі акцыю пратэсту каля амбасады Расеі.

З пачатку красавіка браты Раманавы застаюцца ў лагеры для ўцекачоў у Нідэрландах, дзе папрасілі палітычнага прытулку.

Ва Ульянаўск ужо прыходзяць пахавальныя паведамленні

Мікіта прызнаецца, што, як расеец, перажывае пачуццё калектыўнай віны перад украінцамі за зверствы і злачынствы, якія чыняцца ва Украіне ягонымі суайчыннікамі. Кажа, што з ліку яго знаёмых масквічоў ніхто ў ваенных дзеяннях ва Украіне не ўдзельнічае. Але яму вядома, што ва Ульянаўск, адкуль родам Мікіта і Артур, ужо пачынаюць прыходзіць пахавальныя паведамленні.

Артур вайну ва Украіне называе катастрофай для Расеі.

«Я лічу, што гэта катастрофа для Расеі, якая скацілася на ўзровень гітлераўскай Нямеччыны. Я да гэтага часу не магу паверыць, што гэта сапраўды адбылося. Што нашыя салдаты паехалі забіваць ва Украіну мірных жыхароў, бамбіць іхныя гарады. Гэта жах!» – кажа Артур.

На ягоную думку «глыбінны» расейскі народ звычайнай праўдай, якая да таго ж цяпер моцна блакуецца, абудзіць не атрымаецца.

«Трэба шукаць нейкіх спосабаў дагрукацца да гэтага глыбіннага народу, які ўвесь час спіць і не цікавіцца палітыкай, і наогул нічым не цікавіцца. Абмяжоўваць яго ў такіх рэчах, да якіх ён прызвычаіўся. Можа, гэта абудзіць. Не ведаю…» – кажа Артур.

Паводле некаторых ацэнак, з моманту пачатку вайны ва Украіне Расею пакінулі каля 200 тысяч чалавек. Тэлеграм-чат «Гайд па рэлакацыі з РФ», створаны 25 лютага, літаральна за некалькі дзён сабраў больш як 100 тысяч падпісчыкаў.

Інтэрв’ю
«Расея можа х*й паказаць любому». Пагаварылі з «патрыётам» з Расеі
2022.04.05 20:56

ЗК/ВК belsat.eu

Стужка навінаў