60 пскоўскіх вайскоўцаў не захацелі ваяваць супраць Украіны


Расейскія сілавікі працягваюць масава адмаўляцца ехаць на вайну ва Украіну. Пра чарговы такі выпадак паведамляе тэлеграм-канал «Псковская губерния».

Пашкоджаная расейская тэхніка, якую мясцовыя жыхары рамантуюць ды перадаюць украінскім вайскоўцам. Сумская вобласць, Украіна. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле звестак каналу, каля 60 вайскоўцаў з Пскова адмовіліся ехаць ваяваць на тэрыторыю Украіны. Пасля першых дзён вайны іх спачатку вывелі ў Беларусь, пасля чаго вярнулі ў месца дыслакацыі ў Пскоў. Цяпер большую частку з іх звальняюць, але некаторым пагражаюць і крымінальнымі справамі.

Адзначаецца, што цяпер у Пскове працуе кіраўніцтва Мінабароны, удакладняючы рэальную колькасць кантрактнікаў.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі расейскія сілавікі не хочуць ехаць ваяваць ва Украіну. Гэтак, 12 байцоў Расгвардыі з Краснадару ў канцы лютага адмовіліся ехаць ва Украіну. Пасля іх звольнілі. Але расгвардзейцы звярнуліся з пазовам у суд, каб іх аднавілі на працы.

У Рэспубліцы Хакасія ад удзелу ў вайне адмовіліся 11 байцоў АМАП Расгвардыі. Іх таксама паспрабавалі звольніць.

Прадстаўнікі ж самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі паведамлялі пра мясцовых вайскоўцаў, якія адмовіліся ваяваць разам з расейскім войскам, склалі зброю і вярнуліся дадому, як мяркуецца, аўтаспынам.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў