Ваенна-палітычны эксперт: У Адэсе расейскія войскі маглі спрабаваць забіць Зяленскага


Падчас абстрэлу 6 сакавіка Адэсы, калі знаходзіліся прэм’ер-міністр Грэцыі Кірыякіс Міцатакіс і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, расейскія войскі маглі спрабаваць забіць апошняга. Пра гэта ў эфіры «Студыі Белсат» заявіў Аляксандр Каваленка, украінскі ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив».

Аляксандр Каваленка ў эфіры «Студыі Белсат». Скрыншот з відэа: БЕЛСАТ NEWS / Youtube

Аляксандр Каваленка адзначыў, што Адэсу і Адэскую вобласць аператыўна-тактычнымі ракетамі 9М723 для комплексаў «Іскандэр», які выкарыстоўваўся раніцай 7 студзеня, расейскія войскі абстрэльваюць вельмі рэдка. Пры гэтым такія абстрэлы адбываюцца пераважна ўночы.

«То бок тут у нас вельмі цікавае супадзенне. Візіт прэм’ер-міністра Грэцыі Кірыякіса Міцатакіса, сустрэча з прэзідэнтам Зяленскім у Адэсе і абстрэл менавіта ўдзень ракетаю, якую вельмі рэдка выкарыстоўваюць па Адэсе і Адэскай вобласці, і менавіта паблізу месца сустрэчы Зяленскага і Міцатакіса – амаль за 500 метраў ад лакацыі, дзе яны сустракаліся», – заявіў эксперт.

На думку Каваленкі, гэта была акцыя тэрору, вайсковае злачынства, «скіраванае непасрэдна супраць прэзідэнта Украіны». Паводле яго, цалкам мажліва, што расейскія войскі хацелі такім чынам забіць Зяленскага.

Эксперт заявіў, што ракеты 9М723 хоць і лічацца высокадакладнымі, але такімі не з’яўляюцца.

«Я не выключаю, што гэтае адхіленне ад лакацыі, дзе была сустрэча Зяленскага са спадаром Міцатакісам, было памылкай або недастаткова якаснымі разведзвесткамі, якія атрымалі расейцы для нанясення гэтага ўдару», – дадаў Каваленка.

Эксперт нагадаў, што раней ужо была інфармацыя пра магчымыя замахі расейскага боку на прэзідэнта Украіны. Гэтак, у 2022 годзе падчас наступу войскаў РФ на Кіеў падраздзяленні Расгвардыі з кадыраўцамі ўжо збіраліся знішчыць Зяленскага.

«Я не выключаю, што такія планы сапраўды ёсць у расейцаў і яны намагаюцца гэта зрабіць. Каб, па-першае, запужаць украінцаў, дэзарганізаваць украінцаў ды спрабаваць хаатызаваць саму ўладу ва Украіне», – сказаў суразмоўца.

Але, паводле яго, «Уладзімір Зяленскі не Уладзімір Пуцін, які дзесьці знаходзіцца ў бункеры і з якога не вылазіць, ён пастаянна знаходзіцца ў такіх рызыкоўных зонах», як то Бахмут ці Аўдзееўка.

Hавiны
Расейскія войскі атакавалі Адэсу, калі ў ёй быў прэм’ер Грэцыі
2024.03.06 19:48

6 сакавіка расейскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Адэсе – у гэтым момант у горад разам з Уладзімірам Зяленскім наносіў візіт прэм’ер-міністр Грэцыі Кірыякіс Міцатакіс. Ракеты ўпалі непадалёк ад месца, дзе была грэчаская дэлегацыя. Пацярпелых сярод чальцоў дэлегацыі ў выніку выбухаў не было.

Узброеныя сілы Расеі паведамілі, што нанеслі ракетны ўдар па ангары ў партовым раёне Адэсы, дзе «ішла падрыхтоўка да баявога ўжывання ўкраінскіх безэкіпажных катараў». Як сцвярджае Мінабароны РФ, мэта ракетнага ўдару дасягнутая.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў