Легалізацыя ў ЕЗ і шэнгенскія візы для беларусаў: пра што Святлана Ціханоўская размаўляе з еўрапейскімі палітыкамі


Цягам некалькіх дзён абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская наведала некалькі еўрапейскіх краін, дзе сустрэлася з мясцовымі міністрамі і палітыкамі. Сярод галоўных пытанняў, якія прасоўвае Святлана Ціханоўская – легалізацыя беларусаў у Еўропе, выдача шэнгенскіх віз для беларусаў унутры Беларусі, рэабілітацыя дзяцей рэпрэсаваных, а таксама прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за вываз украінскіх дзяцей і рэпрэсіі супраць беларусаў. 

Міністарка замежных справаў Румыніі Лумініца Адабэску (Luminița Odobescu) прыняла Святлану Ціханоўскую ў Бухарэсце.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Румынія: шэнгенскія візы і запыт у Міжнародны крымінальны суд супраць Лукашэнкі

7 сакавіка Святлана Ціханоўская знаходзіцца з афіцыйным візітам у Бухарэсце. Тут яе прыняла міністарка замежных справаў Румыніі Лумініца Адабэску. Яна выказала падтрымку дэмакратычным сілам і падкрэсліла, што Румынія будзе падтрымліваць дэмакратычную Беларусь на ўсіх міжнародных пляцоўках і ў арганізацыях.

Святлана Ціханоўская перадала міністарцы прапановы па санкцыйнай палітыцы, а таксама дакументы з інфармацыяй па вывазе рэжымам Лукашэнкі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, сабраныя Паўлам Латушкам і камандай НАУ. Ціханоўская папрасіла міністарку накіраваць запыт у Міжнародны крымінальны суд не толькі па вывазе ўкраінскіх дзяцей, а таксама па фактах рэпрэсіяў супраць беларусаў.

Hавiны
Даклад: Пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі больш за 2440 дзяцей
2023.11.17 08:38

Асобную ўвагу прысвяцілі пытанням легалізацыі беларусаў у Румыніі, выдачы пашпартоў замежніка, а таксама новага беларускага пашпарту, над якім працуе Аб’яднаны пераходны кабінет.

Паколькі з красавіка Румынія ўступае ў шэнгенскую зону, Святлана Ціханоўская папрасіла Румынію выдаваць шматразовыя шэнгенскія візы для беларусаў унутры краіны, паколькі гэта дае магчымасць для многіх беларусаў сувязі са знешнім светам, а таксама папрасіла разглядзець магчымасць выдачы гуманітарных візаў.

Сярод іншых тэмаў таксама абмяркоўвалі праграмы рэабілітацыі для дзяцей рэпрэсаваных, як ужо зроблена ў Італіі, Іспаніі, Нарвегіі, а таксама арганізацыі супольных праектаў паміж беларускімі і румынскімі НДА, сярод іншага – у сферы культуры.

Еўрапейскія палітыкі: легалізацыя беларусаў і закрыццё шчылін у санкцыях супраць беларускага рэжыму

На Кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі (EPP) ў Бухарэсце Святлана Ціханоўская сустрэлася з шэрагам палітыкаў з іншых еўрапейскіх краін.

Так, напрыклад, яна сустрэлася з прэзідэнткай Еўракамісіі. Ціханоўская звярнула ўвагу Урсулы фон дэр Ляен на праблемы з легалізацыяй беларусаў у краінах Еўразвязу, а таксама выказала спадзяванне, што кіраўніцтва Еўразвязу працягне падтрымку грамадзянскай супольнасці і ціск на рэжым для вызвалення палітвязняў і для процідзеяння расейскай агрэсіі.

Адбылася сустрэча Ціханоўскай з эстонскай дэлегацыяй. Яна абмеркавала з эстонскімі парламентарамі праблемы беларусаў у Эстоніі і закрыццё лазеек у санкцыях. Ціханоўская папрасіла не ўраўноўваць абмежаванні супраць беларусаў і расяян, а таксама ўстрымацца ад прыняцця закону, які забараняе беларусам з пастаянным відам на жыхарства галасаваць на выбарах у Эстоніі. Таксама Ціханоўская звярнула ўвагу, што неабходна закрыць транзіт санкцыйных тавараў праз Беларусь, пры гэтым не абмяжоўваць пасажырскія перавозкі, а таксама працягваць выдачу візаў.

Святлана Ціханоўская сустрэлася таксама з міністрам замежных справаў Малдовы Міхаем Папшоем. Падчас сустрэчы абмеркавалі спробы Расеі дэстабілізаваць сітуацыю ў Прыднястроўі, а таксама Ціханоўская распавяла пра спробы падрыву суверэнітэту Беларусі Расеяй. Святлана Ціханоўская прапанавала ўзмацніць супрацу на дыпламатычным напрамку і прызначыць асобнага спецпасланніка ці амбасадара, які быў быў адказны за кантакты з дэмакратычнымі сіламі.

Ціханоўская і Папшой таксама гаварылі пра праблемы легалізацыі беларусаў, якія знаходзяцца ў Малдове, у прыватнасці тых, хто пераехаў з Украіны. Абмеркавалі варыянты легалізацыі праз прызнанне пратэрмінаваных пашпартоў, ВНЖ, пашпарты замежнікаў. Ёсць выпадкі, калі Малдова адмаўляла ва ўездзе грамадзянам Беларусі. Дамовіліся вырашыць гэта асобна на працоўным узроўні.

Ціханоўская і Папшой абмеркавалі правядзенне супольнай рэгіянальнай канферэнцыі па бяспецы, прысвечанай пытанню нейтралітэту і геапалітычным выклікам.

Акрамя гэтага, Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Харватыі Андрэям Пленкавічам і міністрам унутраных справаў Даварам Бажынавічам. Яна папрасіла харвацкіх міністраў спрасціць легалізацыю для беларусаў у Харватыі, выпрацаваць рашэнне з выдачай пашпартоў замежніка, а таксама прызнання пратэрмінаваных пашпартоў і зняцця патрабавання апастылю.

Абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, Ціханоўская распавяла пра тых, каго трымаюць інкамунікада, і пра намаганні праз міжнародныя арганізацыі дабіцца доступу да іх і неадкладнага вызвалення. Ціханоўская прапанавала Харватыі падтрымаць праграму рэабілітацыі для дзяцей рэпрэсаваных, таксама яны абмеркавалі правядзенне мерапрыемстваў з удзелам беларускай дыяспары і культурныя абмены.

З міністрам замежных справаў Італіі Антоніа Таяні Святлана Ціханоўская абмеркавала пытанне легалізацыі беларусаў і дапамогу палітвязням і іх сем’ям. Святлана Ціханоўская папрасіла падняць пытанне Беларусі на G7, Італія зараз старшынюе ў Вялікай сямёрцы.

З прэм’ер-міністрам Грэцыі Кірыакасам Міцатакісам Святлана Ціханоўская абмеркавала палітыку ЕЗ у дачыненні да Беларусі, а таксама фарматы супрацы паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і грэцкімі ўладамі. Абмеркавалі стварэнне групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі» у грэцкім Парламенце.

Hавiны
Ціханоўская выступіла перад Радай правоў чалавека ААН: Змаганне за дэмакратыю – не рамантыка
2024.02.27 08:28

Балгарыя будзе выдаваць шэнгенскія візы беларусам

Раней, 4-5 сакавіка, Святлана Ціханоўская наведвала з афіцыйным візітам Балгарыю. Яна правяла шэраг сустрэч з балгарскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Мікалаем Дзенкавым, кіраўніком МЗС Марыяй Габрыэль, мэрам Сафіі Васілём Тэрзіевым і іншымі.

Міністарка замежных справаў Балгарыі Марыя Габрыэль сустрэлася са Святланай Ціханоўскай у міністэрстве замежных справаў. Падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, пагрозу незалежнасці з боку Расеі, прыцягненне рэжыму да адказнасці і падтрымку грамадзянскіх ініцыятываў і медыяў.

Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская падняла пытанне выдачы шматразовых шэнгенскіх візаў для беларусаў у Менску (праз некалькі тыдняў Балгарыя далучаецца да шэнгенскай прасторы). Міністарка запэўніла, што Балгарыя будзе выдаваць візы для беларусаў.

Падчас сустрэчы абмеркавалі:

  • прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці праз міжнародны крымінальны суд і міжнародны суд ААН;
  • пытанні легалізацыі беларусаў, апастыляў, прызнання пратэрмінаваных пашпартоў дзейнымі;
  • сітуацыю з INTERPOL, які рэжым спрабуе выкарыстоўваць для выдачы палітычных апанентаў;
  • падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі ў структурах ААН;
  • запрашэнне беларускага бізнесу да ўдзелу ў праграмах падтрымкі і бізнес-інкубатараў;
  • праграму рэабілітацыі і адпачынку ў Балгарыі для дзяцей палітычных вязняў і рэпрэсаваных;
  • правядзенне мерапрыемстваў на ўзроўні ЕЗ у падтрымку жанчын-палітвязняў.

Святлана Ціханоўская заклікала спікера і іншых парламентарыяў Балгарыі станавіцца хроснымі для беларускіх палітычных вязняў, а таксама арганізаваць візіт у Варшаву ці Вільню, каб сустрэцца з сем’ямі палітвязняў, а таксама тымі, хто ўжо выйшаў з турмаў.

Святлана Ціханоўская адзначае важнасць таго, каб раздзяляць Беларусь і рэжым. Неабходна ізаляваць рэжым Лукашэнкі, а з беларускім грамадставам трэба развіваць кантакты і падтрымліваць яго. Ціханоўская адзначыла важнасць візаў для беларусаў, а таксама спрашчэнне легалізацыі для тых, хто апынуўся за мяжой, у тым ліку ў Балгарыі.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў