Рыхтавалі СБУ і ЦРУ. Лукашэнка пацвердзіў падрыў самалёту А-50 у Мачулішчах


Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі прадстаўніка ўкраінскіх спецслужбаў, а таксама яго памочніка, якія, паводле яго, маюць дачыненне да дыверсіі ў дачыненні да самалёта А-50 на аэрадроме Мачулішчы.

Самалёт-лакатар А-50У.
Фота: Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя

Уручаючы ўзнагароды сілавікам, Лукашэнка заявіў, што аперацыю распрацоўвалі Служба бяспекі Украіны і амерыканскае ЦРУ, перадае БелТА.

«Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расеец, з расейскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014, накшталт, годзе. Айцішнік ці добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў», – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, дыверсанта закінулі ў Беларусь – «гэта сапраўды было нешта неверагоднае».

«Былі задзейнічаны самыя высокія тэхналогіі. Ён быў навучаны ўсяму гэтаму не за адзін месяц. Пасля падрыхтоўкі ён быў маршрутаваны (так гавораць у КДБ) на нашу тэрыторыю», – сказаў ён.

Лукашэнка пацвердзіў пашкоджанні і рамонт

Лукашэнка адзначыў, што для перапраўкі падазраванага ў Беларусь быў абраны спачатку маршрут Варшава – Берасце, а калі яго не прапусцілі, то «Варшава – Лодзь – Рыга – Пскоў – Менск». Паводле яго, беларускія памежнікі яго не пусцілі ў Беларусь, а «памежнікі расейскія, на жаль, прапусцілі яго».

«Выбралі маленькі беспілотнік. Таму што, калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Але маленькі гэты беспілотнік кітайскай вытворчасці, які прадаецца і ў нашых крамах, мы ўсталявалі, – ён быў прададзены ў ЗША (гэты кітайскі беспілотнік), а потым вярнуўся ва Украіну. І ва Украіне былі задзейнічаныя гэтыя два беспілотнікі, навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі. Пра гэта мы раскажам вам потым», – заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён пацвердзіў, што ў выніку выбуху ў самалёту з’явіліся «драпіна і адна прабоіна ў корпусе». Таксама Лукашэнка пацвердзіў, што самалёт пасля даслалі ў Расею «на абслугоўванне».

Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што самалёт, які наводзіў расейскія ракеты і самалёты, «ніколі не залятаў на тэрыторыю Украіны, нават не набліжаўся да мяжы (яму не трэба гэта), Польшчы, Літвы – усіх гэтых мярзотнікаў, якія сёння працуюць супраць Беларусі». Таму, маўляў, нагоды для дыверсіі не было.

Паднялі тысячы людзей

Лукашэнка адзначыў, што «былі аддадзены самыя цвёрдыя распараджэнні сілавікам», «былі перакрытыя межы Беларусі» і «паднятыя сотні, а можа быць і тысячы людзей – вайскоўцаў усіх падраздзяленняў». Таксама быў створаны антытэрарыстычны штаб пад кіраўніцтвам старшыні КДБ Івана Церцеля.

Лукашэнка заявіў, што дыверсанта затрымалі «пад Бараўлянамі ў нейкім там асабняку садовага таварыства», у падвале якога знаходзілася друкарня з беларускай нацыянальнай сімволікай і літаратурай. Таксама затрыманыя больш як 20 «саўдзельнікаў».

«Каманды ішлі ад СБУ збеглым за мяжой (у гэтым выпадку – у Польшчы), адтуль яны звязваліся (у гэтым выпадку гэта быў лекар) з мярзотнікамі тут і дапамагалі яму хавацца. Прытым і на пачатковым, і на канчатковым этапе нашай аперацыі», – сказаў Лукашэнка.

Ён паведаміў таксама, што распарадзіўся «па ўсёй краіне правесці жэстачайшую зачыстку», каб усіх вычысціць «проста з нашага грамадства». Ды звязаў падрыў самалёту ў Беларусі з уваходжаннем 2 сакавіка «Расейскага добраахвотніцкага корпусу» ў Бранскую вобласць Расеі.

СБУ не каментуе

У Службе бяспекі Украіны на пытанне Zerkalo.io заявілі, што не каментуюць «выбухі ў Беларусі і Расеі да перамогі Украіны».

Каментар
Аплявуха іміджу ці ўдар па ваенпраме? Што значыць бесперашкодная атака на самалёт у Мачулішчах
2023.03.03 16:38

Атака на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах адбылася 26 лютага. Адказнасць за гэта ўзяла арганізацыя былых сілавікоў ByPol. Улады Беларусі заяўлялі, што самалёт, які каардынаваў ракетныя атакі на Украіну, не пацярпеў. Аднак праз некалькі дзён ён паляцеў на рамонт у расейскі Таганрог. Таксама ў Менскім раёне прайшлі масавыя затрыманні асобаў метадам «пальцам у неба».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў