«Мы сапраўды захапляемся адвагай беларускіх ваяроў». Ціханоўская сустрэлася з Борысам Джонсанам


Святлана Ціханоўская 7 сакавіка сустрэлася з Борысам Джонсанам, былым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі. Яны абмеркавалі сітуацыю ўнутры краіны і акцыю беларускіх партызанаў па пашкоджанні расейскага самалёта А-50 у Мачулішчах. Ціханоўская сказала, што гэта паказала неабароненасць і слабасць лукашэнкаўскага рэжыму.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Борысам Джонсанам. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Таксама падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская распавяла пра рэйкавых партызанаў, пра беларусаў, якія дапамагаюць збіраць інфармацыю і падтрымліваюць Украіну. Была абмеркавана і дапамога для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

У Офісе Святланы Ціханоўскай адзначаюць, што Борыс Джонсан выдатна праінфармаваны і добра ведае, як шмат беларусы робяць для падтрымкі Украіны, але таксама для абароны сваёй незалежнасці і для дэмакратычных пераменаў. Былі абмеркаваны апошнія прысуды, і што тыя, хто ўдзельнічае ў іх, абавязкова панясуць адказнасць.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Борысам Джонсанам. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Борысам Джонсанам. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская прасіла Борыса Джонсана трымаць Беларусь на міжнародным парадку дня, каб Беларусь не стала «суцяшальным прызам» для Пуціна ў гэтай вайне, таму што роля Беларусі вельмі істотная для рэгіянальнай еўрапейскай бяспекі. Таксама Ціханоўская заклікала Джонсана ўзяць патранаж над адным з палітычных вязняў, на што Борыс Джонсан зрэагаваў вельмі пазітыўна, адзначаюць у Офісе.

Напрыканцы яны запісалі супольную заяву па выніках сустрэчы ў падтрымку Беларусаў, якія змагаюцца за свабоду.

Таксама Святлана Ціханоўская дала інтэрвʼю вядучым брытанскім медыям: BBC Radio, BBC News Night, якое зʼяўляецца самым папулярным ТВ-шоу ў Брытаніі, з вядучай Кірсці Ўорк – адной з самых даўніх і вядомых вядучых BBC. Тэмай інтэрвʼю была будучыня Беларусі, пагрозы з боку Расеі, рэгіянальная бяспека, роль Беларусі ў новай структуры рэгіянальнай бяспекі, а таксама пра тое, як спыніць масавы тэрор, які адбываецца ў Беларусі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў