Грамадзянам Украіны плануюць дазволіць мець падвойнае грамадзянства з усімі краінамі, акрамя Расеі. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў краіны Дзмітрый Кулеба.
Паводле яго, цяпер МЗС распрацоўвае з дэпутатамі Рады адпаведныя змены ў заканадаўства.
«Што да падвойнага грамадзянства. Я паслядоўны прыхільнік гэтай ідэі. Мы працуем з дэпутатамі над адпаведнымі заканадаўчымі зменамі. Ёсць адно выключэнне – гэта краіна-агрэсар, з ёй не можа ісці гаворкі аб любым падвойным грамадзянстве», – сказаў Кулеба.
Міністр адзначыў, што Украіна плануе дазволіць падвойнае грамадзянства з усімі краінамі свету, якія не нясуць Украіне пагрозы, у тым ліку з краінамі Еўразвязу.
Аднак паводле дадзеных апытання, праведзенага сацыялагічнай кампаніяй Liberty Report, ідэю пра ўвядзенне ва Украіне двайнога грамадзянства не падтрымліваюць 46 % грамадзянаў.
Станоўча да такой ідэі ставяцца столькі ж апытаных. Пры гэтым 17 % ад агульнага ліку рэспандэнтаў згодныя на ўвядзенне падвойнага грамадзянства для ўсіх украінцаў, 29 % – для ўсіх, акрамя дзяржаўных службоўцаў.
АД, belsat.eu