Паляванне на настаўнікаў, жанчыну прымусілі цалаваць чырвона-зялёны сцяг. Рэпрэсіі 7 лютага


Затрыманні, катаванні, у тым ліку маральныя, здзекі над мірнымі беларусамі працягваюцца. «Сілавікі» вырашылі «пачысціць» ад «экстрэмізму» настаўніцкія пакоі ў школах. Пенсіянераў затрымліваюць цэлымі ўзброенымі падраздзяленнямі. Прымушаюць цалаваць чырвона-зялёнае палотнішча. «Белсат» працягвае хроніку рэпрэсіяў у Беларусі і апавядае, пра што стала вядома 7 лютага.

«Сілавікі» прымусілі жанчыну цалаваць на камеру чырвона-зялёнае палотнішча. Скрын відэа. Крыніца: Вясна / Telegram

Супрацоўнікі МУС ладзяць паляванні на «экстрэмістаў» нават у школах, на вачах вучняў. Гэтак, у Бярозаўцы Лідскага раёну проста ў будынку школы затрымалі завуч Алу Чуйко і сакратарку Святлану Козел. Нібыта – за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. За педагогамі прыходзілі 5 дужых міліцыянтаў. Дзеці перажылі шок. Педагогаў аштрафавалі.

Затрыманне пенсіянера

Аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у «Аднакласніках» і настаўніцу з Мёраў (Віцебская вобласць) Вольгу Нарэйку. Судзіла настаўніцу 25 студзеня так званая суддзя Ірына Яскевіч. Пра гэта стала вядома «Віцебскай Вясне».

Між тым, у Воранаве за тое ж самае «правапарушэнне» асудзілі жанчыну, якую затрымалі на мяжы (пункт пропуску «Беняконі»). Падпіску на «экстрэмісцкі» канал знайшлі ў яе «Інстаграме». Жанчыну, якая выхоўвае няпоўнагадовае дзіця, аштрафавалі на 1000 рублёў.

Пенсіянера з маладзечанскага раёну затрымлівала цэлая зграя людзей у чорным і пры зброі. Мужчына нібыта даслаў фотаздымак на адрас «экстрэмісцкага фармавання» «Ex-press.livе». Маладзечанская раёнка зрабіла з затрымання цэлы баявік. Затрыманы аказаўся грамадзянінам Расеі. Супрацоўнікі МУС пагражаюць яму турмой і дэпартацыяй.

Чацвёрты арышт Ляшкова

Віцебскія праваабаронцы таксама паведамілі сёння пра чацвёрты арышт запар працаўніка «Нафтану» Аляксандра Ляшкова. 15 содняў яму прысудзіла сумна вядомая наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава. Ляшкоў – удзельнік стачкі ў 2020 годзе. Яго арышт за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» доўжыцца ўжо агулам 59 содняў.

У Гомлі былі затрыманыя адміністратары чату «Общественный транспорт Гомеля», які зусім нядаўна быў прызнаны «экстрэмісцкім». ГУБАЗіК паведамляе, што ў чаце публікаваліся «забароненыя экстрэмісцкія матэрыялы і арганізоўвалася накіраванне напісаных пад капірку спам-скаргаў у арганізацыі, якія ажыццяўляюць пасажырскія перавозкі ў Гомлі».

Іншымі словамі, хлопцы «дыскрэдытавалі грамадскі транспарт Гомля».

Аб’ектыў
«Калі Бабарыка ішоў у прыбіральню, пра гэта апавяшчала сігналізацыя»
2024.01.31 20:37

Над затрыманымі чыняцца не толькі фізічныя здзекі, але і маральныя. На адным з «пакаянных відэа», выкладзеным у інтэрнэт на адным з праўладных тэлеграм-каналаў, жанчыну прымушаюць… цалаваць чырвона-зялёнае палотнішча. У 2020 годзе яна быццам бы ўдзельнічала ў пратэставых маршах і пісала ў «экстрэмісцкія» чаты.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі абнавіў сёння так званы «спіс тэрарыстаў». У спіс трапілі яшчэ пяць беларусаў, у тым ліку саліст гурту «Gods Tower» Уладзіслаў Наважылаў і блогер Ілля Салянкоў, якія знаходзяцца зараз у бяспецы. На сённяшні дзень у «тэрарыстычным спісе» КДБ 1141 асоба, 412 з іх – беларусы.

7 лютага выйшла на волю пасля 15 содняў адміністрацыйнага арышту Марына Адамовіч – жонка палітвязня Міколы Статкевіча. Праваабаронцы падлічылі, што 23 студзеня падчас масавага хапуна сваякоў палітвязняў, супрацоўнікі МУС было затрымалі не менш за 224 асобы.

Гісторыі
«Цяпер ужо не плачу». Беларуска Дар’я – пра сваю працу ў праекце «Politzek.me»
2024.02.03 07:44

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў