Палітвязню Васілю Берасневу трэба трансплантаваць нырку


Палітзняволенага ў «справе незалежных прафсаюзаў» Васіля Бераснева, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15, тэрмінова скіравалі ў Магілёўскі абласны шпіталь, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Васіль Бераснеў. Крыніца: spring96.org

Падчас перабывання ў СІЗА ў Васіля Бераснева значна пагоршыўся стан здароўя – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбная трансплантацыя ныркі. На шматлікія просьбы і заявы вязня надаць яму медычную дапамогу альбо скіраваць на абследаванне доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблемаў са здароўем, значна павысіўся ціск, цяпер неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.

«Сітуацыя крытычная. Калі сапраўды неабходная перасадка, трэба біць ува ўсе званы і рабіць гэта неадкладна. А ўвогуле – палітвязня трэба вызваляць як мага хутчэй і дзеля гэтага выкарыстоўваць усе магчымасці, – кажа праваабаронца Ігар Казмерчак. – У такім узросце ўвогуле даваць такія тэрміны ненармальна, я ўжо не кажу пра тое, што яго абвінавацілі ў злачынстве, якога не было. З адной ныркай і на волі жыць не проста, а тут яшчэ і турма. Таму Бераснева ў прынцыпе нельга было саджаць. А пры сённяшняй сітуацыі мы павінны як мага шырэй казаць пра здароўе спадара Васіля. Фактычна гэта яшчэ адна спроба проста давесці палітвязня да трагедыі».

Каментар
Аляксандр Кабанаў: як можна дапамагчы беларускім палітвязням?
2023.07.05 11:10

73-гадовы Васіль Бераснеў – лідар аршанскага незалежнага прафзвязу РЭП, выканальнік абавязкаў старшыні прафсаюзу РЭП. Яго затрымалі 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і выставілі абвінавачанні ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (арт. 361 КК РБ), стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК), распальванні варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК).

5 студзеня 2023 года спадару Васілю вынеслі прысуд: актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў прызналі вінаватымі. У сукупнасці пакаранняў Анастасія Папко прызначыла Васілю Берасневу 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Неўзабаве палітычнага вязня перавялі з СІЗА № 1 у Магілёўскую турму № 4, а ў траўні – у Магілёўскую ПК № 15

5 траўня 2023 года МУС залучыла палітычнага вязня ў Пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Каментар
Што рабіць, каб палітвязняў перасталі катаваць? Абмяркоўваюць муж зняволенай і прадстаўнік «Bypol»
2023.06.05 23:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў