«Менская спадчына» пра сітуацыю з Чырвоным касцёлам: закрылі праз пажар. Пра высяленне – ані слова


«Менская спадчына» выдала каментар, у якім патлумачыла закрыццё Чырвонага касцёлу нядаўнім пажарам, але не згадала пра высяленне. 

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску, пабітыя шыбы.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

Паведамленне пра скасаванне дамовы з каталіцкай парафіяй Святых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстанні Чырвоным касцёлам з’явілася раніцай 6 кастрычніка на Telegram-канале «Хрысціянская візія». Шэраг іншых крыніцаў пацвердзіў: менскія ўлады патрабуюць поўнага высялення каталіцкай парафіі з будынку Чырвонага касцёлу. Як стала вядома карэспандэнтам «Белсату», у Чырвоным касцёле атрымалі таксама ліст з патрабаваннем з патрабаваннем пакінуць плябанію – суседні са святыняй будынак, у якім жывуць святары.

Пад вечар з’явіўся афіцыйны каментар уладаў: дырэктара кампаніі «Менская спадчына» Аляксандра Кохана. За ягоным прадпрыемствам улады замацавалі святыню для гаспадарчага вядзення. Кохан напісаў:

«Комплекс з’яўляецца помнікам архітэктуры, знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці і паводле дамоваў бязвыплатнага карыстання перададзены рэлігійнай абшчыне для яе статутнай дзейнасці. Згодна з заключанымі дамовамі, адказнасць за пажарную і электрычную бяспеку, за выкананне правілаў і нормаў карыстання памяшканнямі ўскладаецца на рэлігійную абшчыну».

З гэтага незразумела, ці адбяруць у вернікаў будынак касцёла.

Далей Кохан піша, што ў выніку ўзгарання 26 верасня камісія па надзвычайных сітуацыях прыняла рашэнне аб забароне эксплуатацыі культурнага комплексу праз неабходнасць «гарантаваць бяспеку людзей, якія прыходзяць у Чырвоны касцёл, і захаванне самога комплексу будынкаў, якія з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны і знаходзяцца пад абаронай дзяржавы».

Цяпер у касцёле святога Сімяона і святой Алены праводзяць абследаванне пашкоджаных у выніку ўзгарання канструкцыяў будынку, яго інжынерных сетак, якія цяпер «знаходзяцца ў непрацаздольным стане». У будынку адключанае электра-, цепла- і водазабеспячэнне. Сістэмы «патрабуюць правядзення рамонтна-аднаўленчых работ, пералік якіх будзе вызначаны пасля дэталёвага абследавання». Па выніках абследавання мае быць распрацаваная праектная дакументацыя і выкананыя адпаведныя работы. Пакуль гэта не будзе зроблена, касцёлам будзе забаронена карыстацца.

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Сайт «Katolik Life» звяртае ўвагу на тое, што не акрэсленыя межы адрэзку часу, у які касцёлам забароняць карыстацца.

«Таксама не тлумачыцца, як невялікі пажар на плошчы 20 квадратных метраў мог пашкодзіць канструкцыі будынку і яго інжынерныя сеткі, – адзначае «Katolik Life». – Акрамя таго не паведамляецца аб ходзе расследавання інцыдэнту — прычын узгарання, нічога не гаворыцца аб пабітых вокнах».

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

26 верасня ў Чырвоным касцёле здарыўся пажар, пасля чаго ўлады бажніцу зачынілі і не пускалі туды нават святароў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных здарэнняў, уночы ў МНС паступіла паведамленне пра тое, што ў касцёле Святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя.

Як піша выданне «Katolik.Life», перад тым, як у касцёле з’явіўся дым, быў чутны грукат. Выклікала здзіўленне і тое, што практычна разам з МНС прыбыў і Следчы камітэт. А «МотолькоПомоги» дадае, што «апрача пажарнікаў, следчага камітэту прыехаў чамусьці АМАП. Забралі кампʼютары, сістэму відэаназірання».

Парафія Чырвонага касцёлу – адна са старэйшых і найбуйнейшых у Менску. Штодня ў святыні адбывалася ад 6 да 8 службаў, тут працавала нядзельная школа, ладзілася шмат розных культурніцкіх ініцыятываў. Дзе цяпер будуць маліцца вернікі, незразумела. Пры гэтым у касцёл не пускаюць нават святароў. Не выключаецца, што закрыццё святыні можа быць палітычна матываваным.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў