Адвакат Антон Гашынскі: «90 % кліентаў сёння – абвінавачаныя ў экстрэмісцкіх справах»


Адвакат Антон Гашынскі абараняў такіх вядомых «палітычных», як Віталь Шкляраў, Соф’я Сапега, Ягор Дуднікаў. У ліпені Міністэрства юстыцыі пазбавіла Гашынскага ліцэнзіі, а ўжо ў верасні ён атрымаў статус адваката ў Расеі. Неўзабаве Антон пераедзе ў Маскву і забярэ туды сваю сям’ю (у сужэнцаў Гашынскіх трое дзяцей – старэйшай дачцэ 9 гадоў і блізнятам два з паловаю). Пакуль жа Антон у Менску і чакае атрымання адвакацкага пасведчання, «Белсат» паразмаўляў з ім пра адвакатуру ў Беларусі і Расеі, як змянілася праца пасля жніўня 2020 года і пра далейшыя прафесійныя мэты.

Адвакат Антон Гашынскі.
Фота: ПБ / Белсат

«Мы прымалі на працу суддзяў, якіх звольнілі за адмову ад палітычных справаў – гэта палічылі парушэннем»

– Антон, ці проста было атрымаць статус адваката ў Расеі? Як выглядае гэтая працэдура для беларуса?

– Працэдура даволі складаная, шматступенчатая. Я звярнуўся з адпаведнай заявай у Маскоўскую абласную палату адвакатаў яшчэ калі быў адвакатам у Беларусі. Так склалася, што пакуль я здаваў экзамены, у Беларусі мяне пазбавілі ліцэнзіі.

Спачатку трэба сабраць шмат дакументаў, зрабіць натарыяльна завераныя пераклады на расейскую мову, на беларускай дакументы не прымаюцца.

Далей адмысловая камісія прымае рашэнне аб допуску да кваліфікацыйнага экзамену, які праводзіцца за два этапы – тэставанне на камп’ютары і вусны іспыт. Потым прызначаецца дзень прынясення прысягі, пасля чаго ўручаецца рашэнне аб прыняцці ў Палату і значок адваката. Застаецца атрымаць пасведчанне адваката. Увесь працэс у мяне заняў каля пяці месяцаў. Цяпер чакаю пасведчання.

Расейскае грамадзянства мець не абавязкова. Дастаткова рэгістрацыі. У мяне рэгістрацыя ў Маскве, таму я пайшоў у Маскоўскую абласную палату.

– Вы сказалі, што падалі заяву на атрыманне статусу адваката ў Расейскай Федэрацыі яшчэ калі былі адвакатам у Беларусі. Вы прадбачылі, што вас пазбавяць беларускай ліцэнзіі?

– Так, недзе з красавіка я пачаў цікавіцца працэсам атрымання статусу адваката ў Расеі і рыхтаваў пакет дакументаў. Мы ў нашым бюро («Маслаў, Гашынскі і партнёры». – ГГ) яшчэ на пачатку года ведалі, што да нас у траўні прыйдзе праверка – мы стаялі ў плане Мінюсту. Ну і падчас праверкі, натуральна, знайшлі да чаго прычапіцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Нашае бюро працавала з 2016 года, быў вялікі дакументазварот. Недзе ў паперах былі недакладнасці, апіскі, недзе нешта закрэслена. Гэта палічылі сістэматычным парушэннем заканадаўства аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці. Гэта ўсё не нясе ніякіх юрыдычных наступстваў, аднак ёсць фармальным парушэннем.

Акрамя, нашае адвакацкае бюро прымала на працу былых суддзяў, якіх выгналі з працы, бо яны адмаўляліся разглядаць адміністратыўныя справы супраць удзельнікаў мітынгаў. Гэта таксама нам прыгадалі на калегіі. Цяпер мы працягваем падтрымліваць гэтых людзей, у тым ліку я непасрэдна дапамагаю ім, каб яны не згубілі сваіх прафесійных навыкаў і атрымалі статус адваката ў Расейскай Федэрацыі.

Ну і яшчэ ў мяне была сітуацыя, калі ў верасні-кастрычніку да майго падабароннага Віталя Шклярава не даходзілі лісты ад блізкіх. Ён паспрабаваў праз мяне перадаць ліст. Ліст быў цалкам на побытавыя тэмы. Мама Віталя тады хварэла на анкалогію, у яе мела быць аперацыя, ён вельмі перажываў і напісаў некалькі радкоў, каб яе падтрымаць, і папрасіў перадаць. Мяне тады прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці і далі вымову за гэтае парушэнне. Гэта ў тым ліку згадалі на камісіі.

«У Расеі крымінальны працэс больш дэмакратычны»

– Што было складаней: прайсці камісію Мінюсту ці здаць экзамен у Расеі?

– Калі ў Беларусі мяне пазбаўлялі ліцэнзіі, то ведаў не правяралі. Намеснік міністра Старавойтаў зачытаў, як я парушаю заканадаўства аб адвакатуры, запытаўся, ці ёсць мне што сказаць з гэтай нагоды. Я сказаў, што мне няма чаго казаць. І пасля гэтага абвесцілі рашэнне аб спыненні дзеяння маёй ліцэнзіі.

Гэтая працэдура адрознівалася ад той, праз якую прайшлі мае калегі. Звычайна на пазачарговай кваліфікацыйнай камісіі задаюцца пытанні ў розных галінах права, на якія трэба адказаць. У мяне такога не было. Мне проста абвесцілі рашэнне.

– Ці працуе яшчэ вашае бюро?

– У нас трох адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі. Бюро пакуль яшчэ існуе, але я думаю, што хутка будзем прымаць рашэнне аб ліквідацыі. Як, у прынцыпе, і ўсе адвакацкія бюро Беларусі, бо ў сувязі з унясеннем змяненняў у Закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці такая арганізацыйна-прававая форма, як адвакацкае бюро, проста перастае існаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

– Чым адрозніваецца праца адваката ў Беларусі і Расеі? Дзе, на ваш погляд, прасцей абараняць кліента?

– Агулам праца вельмі падобная, аднак у Расеі ў адваката больш працэсуальных магчымасцяў для абароны кліента. Там крымінальны працэс больш дэмакратычны. У падазраваных і абвінавачаных больш правоў і сродкаў для абароны гэтых правоў.

У Расеі шмат якія пытанні аднесеныя да разгляду судом, а ў нас іх вырашае пракуратура. І там ёсць суд прысяжных, што вельмі важна.

Пакаранні таксама адрозніваюцца. Заканадаўства больш ліберальнае, калі параўноўваць з нашым.

Справа Соф’і Сапегі хутка пойдзе ў суд

– Вы неяк казалі ў адным з інтэрв’ю, што пасля атрымання статусу адваката ў Расеі плануеце далей абараняць Соф’ю Сапегу і Ягора Дуднікава. Як хутка вы зможаце гэта зрабіць, і на якім этапе іхныя справы?

– Пасля атрымання пасведчання я падпішу з бацькамі Сапегі і Дуднікава дамовы для працягу абароны. Я дакладна змагу кансультаваць, аказваць прававую дапамогу. Ці дапусцяць мяне на спатканні і следчыя дзеянні – пытанне даволі спрэчнае. У Беларусі, адрозна ад Расеі, расейскіх адвакатаў разглядаюць як замежных, хоць для Расеі беларускія адвакаты замежнымі не з’яўляюцца. Магчыма са стварэннем Саюзнай дзяржавы і ўзгадненнем дарожных мапаў запрацуе адзін з варыянтаў – ці расейскіх адвакатаў дапусцяць да працы ў Беларусі, ці будзе створаная адвакатура Саюзнай дзяржавы, куды ўвойдуць і расейскія, і беларускія адвакаты. Такім чынам будзе магчымасць працаваць і там, і тут.

У Сапегі і Дуднікава цяпер ёсць адвакаты. Справа Сапегі працягвае расследавацца. Нядаўна ёй працягнулі хатні арышт. Я думаю, што яшчэ месяцы два – і справу перададуць у суд.

Наконт Дуднікава пакуль усё незразумела. Следчы да яго не ходзіць, следчыя дзеянні не вядуцца, таму я думаю, што крымінальная справа хутчэй за ўсё прыпыненая. Пакуль усё ў падвешаным стане ў Дуднікава, і ўмовы ўтрымання ў яго не салодкія.

«Адвакату найперш патрэбная незалежнасць»

– Што вы думаеце пра рэформу адвакатуры ў Беларусі?

– Гэта хутчэй не рэформа, а адмена тых змяненняў, што былі ўведзеныя ў 2012 годзе. Тады з’явілася разнастайнасць адвакацкіх формаў на прыклад Расейскай Федэрацыі. Пасля гэтага стала актыўна развівацца адвакатура. Цяпер жа гэтыя змяненні скасаваныя, і мы вяртаемся ў адвакатуру Савецкага Саюзу. Але я ўпэўнены, што ў бліжэйшы час заканадаўства будзе мяняцца. Не праіснуе адвакатура ў такім выглядзе, як цяпер, доўга. Год-два, тры максімум, і зноў будуць змены ў законе, і ў адвакатаў зноў з’явіцца магчымасць самім выбіраць, у якой форме працаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

– Што б вы змянілі ў беларускім законе аб адвакатуры?

– Я б цалкам перапрацаваў яго. Пры гэтым не трэба браць за аснову законы іншых дзяржаваў, а тыя нормы права і маралі, якія склаліся ў грамадстве. Не трэба нічога навязваць. Як, напрыклад, медыяцыю цяпер. Беларусы ніколі не карысталіся медыяцыяй і карыстацца ў бліжэйшы час найхутчэй не будуць, бо ўзровень правасвядомасці не дасягнуў яшчэ такіх вышыняў. Але дзяржава яе навязвае, замацоўвае заканадаўча абавязковую працэдуру прахаджэння медыяцыі ў грамадзянскім працэсе. Гэта не арыентуецца на патрэбы грамадства, гэта навязванне таго, да чаго грамадства пакуль не гатовае. Гэта нараджае мёртвыя нормы права, якія не працуюць.

Закон аб адвакатуры трэба рабіць з увагі на патрэбы і запыты грамадства.

– А якія сёння запыты беларускага грамадства да адвакатуры?

– З набалелага – допуск абаронцы ў крымінальных справах. Часта бывае, калі кліент затрыманы, адваката не дапускаюць на следчае дзеянне, спасылаючыся на тое, што яно ўжо распачалося. Больш за тое, часта адвакат не можа знайсці кліента. Яму проста не кажуць, дзе ягоны падабаронны. Трэба прадугледзець, каб асобы, якія хаваюць гэтую інфармацыю, неслі адказнасць.

Далей, права затрыманага на абарону прапісанае ў КПК, аднак не прапісаны абавязак следчага адразу выклікаць адваката. Гэтым карыстаюцца, бо напісана, што адвакат мусіць быць, але не напісана, у якія тэрміны – імгненна, цягам гадзіны, ці ўсяго жыцця. І шмат чаго так не прапісана ў КПК, што перашкаджае рэалізацыі права на абарону.

Было б нядрэнна, калі б больш рашэнняў прымаў суд, а не пракуратура ці следчыя. І больш незалежнасці для адвакатаў, а не некалькі начальнікаў над імі. Гэта галоўнае. Бо як можна давяраць адвакату, якога прызначыў следчы? Цалкам зразумелы недавер кліента ў такім выпадку. Такога быць не павінна.

«90 % справаў – экстрэмісцкія, іншыя не расследуюцца»

– Як змянілася праца адваката пасля жніўня 2020 года?

– Пачынаючы з лета 2020 года колькасць зваротаў кліентаў у «традыцыйных» (агульнакрымінальных) складах злачынстваў рэзка зменшылася. З гэтага можна зрабіць выснову, што праваахоўныя органы сталі менш займацца выяўленнем і раскрыццём такіх злачынстваў, як крадзяжы, незаконнае абарачэнне наркотыкаў, карупцыйныя злачынствы. 90 % кліентаў, якія звяртаюцца да нас цяпер, – у так званых «экстрэмісцкіх» і «палітычных» складах злачынстваў. З гэтага вынікае, што цяпер вельмі значная частка справаў у Следчым камітэты – экстрэмісцкія. Адпаведна і ў адвакатаў катэгорыі справаў змяніліся. І тут два варыянты: ці ты будзеш сядзець без працы, бо іншыя справы проста не расследуюцца, ці будзеш абараняць кліентаў у палітычных, экстрэмісцкіх артыкулах.

Антон Гашынскі.
Фота: ПБ / Белсат

Наколькі мне вядома, раскрывальнасць у іншых катэгорыях справаў моцна ўпала, асабліва крадзяжоў, верагодна, іх проста няма калі расследаваць. Згадайце, колькі было справаў аб наркотыках у Беларусі. Валам проста. Дзе гэтыя справы цяпер? Іх зрабілася нашмат менш (у колькасці зваротаў кліентаў – нават на 60 %), чым было ў 2019 годзе.

Тое самае ў іншых артыкулах, напрыклад, карупцыйных. Цяпер асноўныя артыкулы – гэта экстрэмісцкія, і дадаюцца эканамічныя – ухіленне ад сплаты падаткаў і гэтак далей.

– Ці мае праца адваката значэнне ў Беларусі, у сітуацыі, калі на прысуды ў палітычных справах паўплываць амаль немагчыма, а сам адвакат пры гэтым рызыкуе застацца без ліцэнзіі?

– Сёння праца адваката ў Беларусі важная як ніколі. Зразумела, што пэўныя працэсуальныя рашэнні ў крымінальных справах прымаюцца незалежна ад таго, што робіць адвакат. Але тое, якім чынам папярэднім следствам альбо судом будуць кваліфікаваныя дзеянні падабароннага, цалкам залежыць ад адваката. Адвакат можа дапамагчы кліенту выпрацаваць слушную пазіцыю, і напрыклад, замест артыкулу 130 – «Распальванне варожасці», у якім санкцыя да 12 гадоў, у кліента будзе артыкул 342 – «Арганізацыя альбо ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» – да 3 гадоў пазбаўлення волі. Гэта вялікая розніца.

Часта, са словаў кліентаў, калі іх затрымлівалі, яны праз няведанне пачыналі паддавацца на гісторыі і запужванне аператыўных супрацоўнікаў, і даваць прызнальныя паказанні. Гэта можа пацягнуць дадатковую кваліфікацыю яшчэ і паводле цяжэйшага артыкулу. У такім выпадку адвакат можа дапамагчы не агаварыць сябе ды іншых людзей.

Акрамя, адвакат – яшчэ і псіхолаг. Калі чалавек трапляе ў сітуацыю, да якой ён не гатовы, калі ён напалоханы, яму пагражаюць, што яму будзе дрэнна, калі ён не дасць прызнальных паказанняў, то адвакат дапаможа супакоіцца і паглядзець на сітуацыю збоку. Тады кліент сам знойдзе выйсце.

«Планую дапамагаць беларусам, якія вымушаныя быць за межамі радзімы»

– Ці даўно вы ў адвакатуры? Што паўплывала на выбар менавіта гэтай прафесіі?

– У адвакатуры я з 2003 года. Не марыў пра гэта з дзяцінства, але ў школе мяне вельмі ўразіў твор Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне». Я збіраўся паступаць у зусім іншае месца, але пасля прачытання гэтага твору і яго аналізу вырашыў ісці на юрыдычны факультэт у БДУ. Пасля ўніверсітэту пэўны час працаваў юрыстам у банку і потым пайшоў у адвакатуру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

– Якія ў вас далейшыя планы – жыць і працаваць у Расеі, ці вярнуцца калісьці ў Беларусь?

– Планую займацца адвакацкай дзейнасцю на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, а яшчэ паехаць ва Украіну і атрымаць статус адваката там і аказваць юрыдычныя паслугі на тэрыторыі Украіны. Разглядаю таксама варыянт працы на тэрыторыі Еўразвязу. Хацелася б закрыць усе кірункі, каб дапамагаць беларускім грамадзянам, якія вымушаныя заставацца за межамі радзімы. Юрыдычна гэта магчыма, бо не ў кожнай краіне, адрозна ад Беларусі, адвакат мусіць мець грамадзянства гэтай дзяржавы.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў