Святлана Ціханоўская пракаментавала амністыю, якую Лукашэнка рыхтуе да 17 верасня


Беларуская лідарка зазначыла, што беларусы будуць шчаслівыя кожнаму, што выйдзе на волю. Аднак выйсці павінны абсалютна ўсе.

Светлана Тихановская, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Святлана Ціханоўская выступае на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Сёння дзесяць палітвязняў асудзілі ў агульнай складанасці да 94 гадоў зняволення. Каардынатарка «Вясны» Марфа Рабкова атрымала 15 гадоў калоніі – толькі за тое, што дапамагала людзям. Адразу пасля выраку пачаліся затрыманні – былі арыштаваныя сваякі асуджаных, праваабаронцы і нават дыпламаты з ЕЗ, – зазначыла Ціханоўская. – Пры гэтым рэжым кажа пра магчымыя амністыі, адначасова з гэтым набіраючы новых закладнікаў для гандлю і абмяркоўваючы планы па пазбаўленні беларусаў грамадзянства, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Мы шчаслівыя кожнаму, хто выходзіць на волю. Але не будзем дзякаваць тым, хто сам зладзіў пекла для людзей – і потым вырашыў яго спыніць. Тое, што людзі незалежна ад сваіх палітычных суджэнняў знаходзяцца на волі, павінна быць нормай, а не «падарункам».

Каментар
Праваабаронца: Не дам і 1 %, што хтосьці з палітвязняў падпадзе пад лукашэнкаўскую амністыю
2022.09.06 14:39

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы не забудуць, што рэжым пачынае размовы пра амністыі толькі тады, калі спрабуе гандляваць закладнікамі дзеля зняцця санкцыяў.

«Мы не дазволім гэтага зрабіць. Мы ведаем сапраўдны твар гэтай сістэмы. Наўпрост цяпер яны арыштоўваюць маёмасць зняволеных паводле палітычных матываў – каб потым прадаваць яе, пазбаўляючы людзей таго, што беларусы зарабілі сумленнай працай», – сказала беларуская лідарка.

Ціханоўская прыгадала, што іхную з Сяргеем Ціханоўскім менскую кватэру арыштавалі і апісалі ў ёй усё – аж да акварэльных фарбаў дзяцей. У «канфіскатах» Гомля цяпер прадаюць тэхніку, з якой 29 траўня 2020 года затрымалі Сяргея Ціханоўскага.

«І такіх людзей, як Сяргей, у Беларусі тысячы, – зазначыла Святлана Ціханоўская. – Таму наш доўг – падтрымаць тых, хто выйдзе на волю. Працаваць над тым, каб вызваліць усіх, хто застаецца ў турме. Дапамагаць дзецям і родным палітвязняў праз фонды і асабістыя ахвяраванні. Ні ў якім разе не купляць танна канфіскаваныя ў нашых герояў рэчы. І не даць рэжыму зрабіць яго паводзіны нормай. Мы будзем шчаслівыя кожнаму зняволенаму паводле палітычных матываў, які выйдзе на волю. Але выйсці павінны абсалютна ўсе».

Hавiны
Лукашэнка рыхтуе амністыю на 17 верасня. Хто можа пад яе трапіць?
2022.09.06 12:24

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў