Адчувальны прагрэс, але яшчэ не перамога. Што трэба ведаць пра контрнаступленне ЗСУ


Украінскае контрнаступленне ў Херсонскай вобласці, якое пачалося тыдзень таму, дасягнула пэўных поспехаў, што вымушаны прызнаць нават расейскі бок. Belsat.eu разбіраўся, што цяпер адбываецца на поўдні Украіны і чаго чакаць ад аперацыі ЗСУ далей.

Што адбывалася на херсонскім фронце з 28 жніўня да 5 верасня

Пра ўкраінскую наступальную аперацыю на поўдні афіцыйна абвесцілі ўдзень 29 жніўня. Аператыўнае камандаванне «Поўдзень» адразу паведаміла, што ЗСУ прарвалі першую лінію абароны праціўніка і прымусілі расейскія падраздзяленні адступаць. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны заявіў пра вызвалення Сухога Стаўка, што за 90 кіламетраў ад Херсону, а тэлеканал CNN увечары 29 жніўня паведаміў пра вызваленне яшчэ чатырох паселішчаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alex Chan / Zuma Press / Forum

Аднак амаль адразу вайсковае і палітычнае камандаванне Украіны заклікала захоўваць інфармацыйную цішу і не распаўсюджваць звестак пра падзеі на поўдні. У штодзённых зводках Генеральнага штабу ЗСУ наступальныя аперацыі ў Херсонскай вобласці нават не згадваліся. У выніку склалася сітуацыя, калі з 30 жніўня і амаль да канца тыдня з украінскага боку не паступала ніякай інфармацыі пра контрнаступленне на поўдні. А расейская прапаганда, у сваю чаргу, распавядала пра разгром і вялізарныя страты ўкраінскіх вайскоўцаў.

Аднак у выходныя рэжым інфармацыйнай цішыні быў парушаны. Ва ўкраінскіх тэлеграм-каналах пачалі з’яўляцца ролікі з занятых ЗСУ пазіцыяў расейскіх вайскоўцаў і здымкі палонных. Увечары 4 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвесціў пра вызваленне трох мясцовасцяў, дзве з якіх – у Херсонскай вобласці.

Назваў паселішчаў Зяленскі не агучыў, але раней медыі паведамлялі, што ЗСУ занялі Благадатаўку і Высакаполле. Кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ярмак пацвердзіў вызваленне Высакаполля, апублікаваўшы ў сваім тэлеграм-канале фота ўстанаўлення ўкраінскага сцяга на будынку пасялковай лякарні.

Пры гэтым у зводках Генштабу ЗСУ пра контрнаступленне на Херсоншчыне зноў нічога не было сказана.

Высакаполле, бясспрэчна, – самы значны тэрытарыяльны здабытак ЗСУ за тыдзень наступальнай аперацыі. Раней паведамлялі пра вызваленне толькі сёлаў, дзе да вайны жылі па некалькі сотняў чалавек. А Высакаполле – мястэчка з насельніцтвам больш за 4 тысячы чалавек, важны апорны пункт расейскіх вайскоўцаў на крыварожскім кірунку.

Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) прызнаў страту расейскім войскам Высакаполля, назваўшы гэта «адчувальнаю тактычнаю няўдачай». Ён таксама распавёў, што ЗСУ занялі Благадатнае і захоўваюць кантроль над Сухім Стаўком, хаця раней расейскі бок заяўляў, што ўкраінцаў адтуль выбілі.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) канстатаваў у сваім аглядзе за 5 верасня, што ЗСУ дасягнулі «вельмі істотнага прагрэсу» ў сваім контрнаступленні.

Што кажуць у Расеі

Міністэрства абароны РФ яшчэ 28 жніўня адназначна заявіла, што наступленне правалілася і ўкраінцы нібыта зазналі значныя страты. Насуперак пераможным заявам Мінабароны неафіцыйныя крыніцы (вайсковыя блогеры і тэлеграм-каналы, што падтрымліваюць вайну) спачатку прызнавалі сур’ёзнасць сітуацыі, канстатуючы, што ЗСУ здолелі прарваць расейскую абарону ў некалькіх месцах і на асобных участках прасунуліся на 10 кіламетраў. Праўда, неўзабаве танальнасць паведамленняў змянілася, і ў наступныя дні яны пачалі распавядаць пра паразу ўкраінцаў.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны прыйшоў да высновы, што Расея такім чынам праводзіць інфармацыйную аперацыю, мэта якой – пераканаць грамадскасць у правале наступлення Украіны. Расейская прапаганда прасоўвала два наратывы: нібыта паміж вайсковым і палітычным кіраўніцтвам Украіны разгараецца канфлікт праз няўдачы наступлення, а само наступленне нібыта распачала заўчасна праз ціск Захаду. Паводле ISW, Крэмль таксама актывізаваў свае намаганні, накіраваныя на самацэнзуру сярод расейскіх вайсковых блогераў і карэспандэнтаў, якія асвятляюць вайну ва Украіне. Нядаўняе затрыманне ваеннага карэспандэнта і прапагандыста Сямёна Пегава (Telegram-канал WarGonzo) у ISW звязваюць менавіта з гэтым.

Аднак у канцы мінулага тыдня прагрэс украінскага наступлення стаў настолькі відавочны, што ігнараваць яго стала немагчыма. Хаця Міністэрства абароны РФ працягвае заяўляць толькі пра расейскія перамогі, частка расейскіх рэсурсаў была вымушаная прызнаць страту Высакаполля.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alex Chan / Zuma Press / Forum

Тэлеграм-канал «Рыбарь» патлумачыў адступленне неабходнасцю пазбегнуць акружэння. Паблік наймітаў-вагнэраўцаў «Grey Zone» распавёў больш дэталяў: у Высакаполлі ў акружэнне спачатку трапіла рота расейскіх дэсантнікаў. Пасля двух баёў іх удалося разблакаваць, але паселішча давялося ўсё роўна пакінуць. Канал «Grey Zone» таксама расказаў пра страты расейцаў на Херсоншчыне ў тэхніцы. У прыватнасці, ЗСУ знішчылі ЗРК «Панцыр-С1» і разлік ЗРК С-300. Таксама вывелі са строю мост Кахоўскай ГЭС. Але «Grey Zone» пры гэтым спрабуе супакоіць чытачоў, сцвярджаючы, што сітуацыя на фронце не крытычная.

Разам з тым сур’ёзнасць сітуацыі ўскосна прызнаў нават намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсону Кірыла Стрэмаусаў. На наступны дзень пасля вызвалення Высакаполля ён заявіў, што рэферэндум на Херсоншчыне адкладуць «праз усе тыя падзеі, што адбыліся цяпер».

Каментуючы сітуацыю на поўдні, Ігар Стралкоў канстатаваў, што ЗСУ пашыраць плацдарм на рацэ Інгулэц і моцна ціснуць на расейскія пазіцыі каля Белагораўкі. Цяпер украінцы пагражаюць рассекчы расейскую групоўку і акружыць яе заходнюю частку ў раёне Давыдаў Брод – Высакаполле – Любімаўка. Паводле Стралкова, зліквідаваць гэтую пагрозу можна толькі пры дапамозе магутнага контрудару, але для гэтага ў расейцаў не стае пяхоты. 

СТралкоў таксама прызнаў, што ЗСУ змаглі стварыць на херсонскім кірунку магутную артылерыйскую групоўку, «здольную на роўных весці барацьбу з нашымі артылерыйскімі часткамі і адчувальна падтрымліваць свае атакоўныя агульнавайсковыя злучэнні» (раней значная перавага РФ у артылерыі была заўсёды бясспрэчная). ЗСУ здолелі таксама разбурыць усе стацыянарныя масты праз Днепр і пастаянна б’юць па пантонных пераправах, што стварае істотныя цяжкасці ў забеспячэнні расейскай групоўкі, якія будуць толькі павялічвацца. 

Стралкоў прагназуе, што пакуль у расейскай арміі ўсё ж хопіць рэсурсаў пераадолець крызіс і стабілізаваць лінію фронце, але такі вынік «не гарантаваны», дадае ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alex Chan / Zuma Press / Forum

ЗСУ не спяшаюцца

Менавіта на праблемы з забеспячэннем расейскай групоўкі ў раёне Херсону робіць стаўку ўкраінскае камандаванне.

«Украінцы дамагаюцца сітуацыі, калі расейцы больш не змогуць падтрымліваць сваіх пазіцыяў на захад ад Дняпра. Цяпер ЗСУ атакуюць камандныя пункты, вайсковыя склады, пантонныя масты і пераправы, наведзеныя Расеяй [праз Днепр], – усё, да чаго могуць дацягнуцца HIMARS.

[Гэта робіцца] каб расейцам станавілася ўсё складаней арганізоўваць забеспячэнне сваіх падраздзяленняў, а ўтрыманне Херсону станавілася ўсё больш і больш затратным», – заявіў у інтэрв’ю «Медузе» амерыканскі вайсковы аналітык Роб Лі з Інстытуту даследаванняў вонкавай палітыкі (Foreign Policy Research Institute).

Раней некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што крызіс з забеспячэннем прымусіць расейскую армію адступіць на ўсходні бераг Дняпра, пакінуўшы Херсон. Хаця ва ўмовах, калі ЗСУ няспынна б’юць па пераправах, гэта таксама можа прывесці да вялізарных стратаў.

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

«Пры спробе прайсці Днепр вораг будзе знішчаны, бо ўсе пераправы, кожны метр Дняпра прыстраляны HIMARS», – адзначыў Тарас Беразавец, афіцэр першай асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння імя Івана Богуна ў інтэрв’ю «Эспрессо».

Паводле Беразаўца, расейская групоўка каля Херсону застаецца фактычна ў аператыўным акружэнні, трэба даць ЗСУ магчымасць скончыць працу не спяшаючыся.

Даведка
Аператыўнае акружэнне – сітуацыя, калі вайсковая групоўка застаецца ў ізаляваным становішчы і не можа нармальна забяспечвацца, але суцэльнага фронту акружэння пры гэтым няма, магчымасць адступіць у групоўкі застаецца.

Вайсковы эксперт Роб Лі лічыць, што ЗСУ цалкам могуць весці там вайну на знясіленне: рабіць кожны дзень супрацьстаяння непасільна дарагім для Расеі: «Часткаю гэтай жа стратэгіі могуць быць і ўдары па Крыме, і партызанскія намаганні ўкраінцаў на акупаваных тэрыторыях – Расеі даводзіцца абараняцца літаральна ўсюды».

Аналітыкі ISW з самога пачатку казалі, што ад украінскага контрнаступлення чакаць хуткіх вынікаў не трэба, бо планы ЗСУ разлічаныя на працяглую аперацыю.

Аналітыка
Чаму ЗСУ наносіць удары па Крыме і чаго чакаць далей?
2022.08.19 19:53

«Украінскія ўлады даўно прызналі, што ў іх няма вялізнай масы механізаваных сілаў, якая спатрэбілася б для правядзення імгненнай аперацыі для знішчэння расейскай абароны ў Херсонскай вобласці ці дзе-небудзь яшчэ», – канстатуюць эксперты.  Галоўнаю мэтай аперацыі ёсць метадычнае аслабленне расейскай групоўкі, а не неадкладнае вызваленне значных тэрыторыяў.

Гэтаю ж думку ISW паўтарае і пасля вызвалення Высакаполля: эксперты мяркуюць, што тэмп контрнаступлення, верагодна, будзе рэзка мяняцца, і не выключана, што падчас баёў расейцы яшчэ будуць адваёўваць некаторыя пазіцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dimitar Dilkoff / AFP / East News

Намаганні ЗСУ пры гэтым не абмяжоўваюцца херсонскім кірункам. Зяленскі ў сваім звароце 4 верасня таксама распавёў пра вызваленне паселішча ў Данецкай вобласці (імаверна, ідзецца пра сяло Азэрнэ) і заняцце вышыні ў напрамку Лісічанск – Сівэрск. У ISW удакладняюць, што ЗСУ занялі тэрыторыю за ракою Сівэрскі Данец. Разам з тым сваёй наступальнай аперацыі ў Данецкай вобласці Расея таксама не згортвае, хаця тэмпы прасоўвання там вельмі нізкія:– не болей за 1 кіламетр на тыдзень.

У Расеі дасюль не выключаюць, што аперацыя ЗСУ ў Херсонскай вобласці можа быць толькі прыкрыццём, а галоўны ўдар нанясуць зусім на іншым кірунку. У расейскіх тэлеграм-каналах распаўсюджваюцца версія, што насамрэч галоўны ўдар рыхтуецца каля Ізюму ў Харкаўскай вобласці. У прыватнасці, пра гэта піша вайсковы блогер Уладлен Татарскі. А крыніцы WarGonzo паведамляюць пра перакідванне на харкаўскі кірунак значных украінскіх рэзерваў (пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў няма).

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў