Загінуў беларускі баявік «ДНР», якога піярыла лукашэнкаўская прапаганда


6 жніўня ва Украіне загінуў грамадзянін Беларусі Сяргей Ланавенка (пазыўны «Бульба»), які ваяваў ва ўзброеных фармаваннях «ДНР». Пра гэта паведаміла ў сваім Telegram-канале прапагандыстка Ксенія Лебедзева.

Пра абставіны смерці Ланавенкі яна не распавядае.

47-гадовы нарадзінец Асіповічаў Сяргей Ланавенка быў актыўным прыхільнікам «русского мира». Упершыню ў публічнай прасторы ён з’явіўся ў лютым 2017 года: тады мужчына стаў адным з шасці ўдзельнікаў несанкцыянаванага пікету падтрымання Расеі, які быў арганізаваны імперска-шавіністычным рухам «НОД» («Национально-освободительное движение»). У наступныя гады Ланавенка заўсёды адкрыта дэманстраваў свае погляды: часам з’яўляўся на гарадскіх імпрэзах з расейскім сцягам, хадзіў па вуліцах з сімволікаю «ДНР» на тышортцы.

У 2020-м Ланавенка актыўна падтрымаў рэпрэсіі і нават запісаўся ў дружыннікі, каб дапамагаць міліцыі пераследаваць іншадумцаў. У лютым 2022-га, пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну, паехаў на Данбас і далучыўся да ўзброеных фармаванняў «ДНР». Летась у ліпені з’ездзіў на радзіму, дзе яго заўважылі дзяржаўныя медыі. Спачатку інтэрв’ю з ім зрабіла «Мінская праўда», потым – Ксенія Лебедзева, якая ўваходзіць у пул Лукашэнкі. Прапагандысты спрабавалі зрабіць яго прыкладам «правільнага» беларускага добраахвотніка на Данбасе, які падтрымлівае Лукашэнку і ваюе супраць «нацыстаў».

У гэтых інтэрв’ю Ланавенка казаў, што першапачаткова накіраваўся ў Расею з «гуманітарнай місіяй», але затым узяў у рукі зброю і ваяваў у Марыупалі. Публічных прызнанняў было дастаткова, каб прыцягнуць яго да адказнасці паводле арт. арт. 361-3 КК «Удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы без прыкметаў наёмніцтва», аднак ніякіх юрыдычных наступстваў для яго гэтыя заявы не мелі. Ланавенка казаў, што разумее, што «можа, нейкі закон парушае», але яму «напляваць на ўсе законы свету, калі гінуць дзеці».

Аналітыка
Ад абяцанняў «разабрацца» да эфіру БТ. Як улады дэ-факта легалізуюць баевікоў «ДНР»
2022.07.21 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў