Спікер Дзярждумы РФ патрабуе ад ЗША кампенсацыі за каронавірус


Кіраўнік Дзяржаўнай Думы Расеі Вячаслаў Валодзін заявіў, што ЗША могуць быць датычныя да з’яўлення каронавіруса і таму мусяць кампенсаваць усім краінам шкоду ад яго.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: depositphotos.com

«Мільёны хворых і загінулых, сусветны эканамічны крызіс, падзенне ўзроўню жыцця людзей – наступствы COVID-19, за якія Вашынгтону неабходна панесці адказнасць», – напісаў Валодзін у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго, «вайсковыя біялагічныя распрацоўкі ЗША, якія яны вядуць па ўсім свеце, мусяць быць спыненыя і рассакрэчаныя».

«Усім дзяржавам, што пацярпелі ад пандэміі, ЗША мусяць кампенсаваць панесеныя страты», – заявіў расейскі палітык.

Сусветная арганізацыя здароўя называла найбольш верагоднай версіяй паходжання перадачу каронавіруса ад кажаноў праз прамежкавую жывёліну. Першая праверка САЗ не змагла выявіць крыніцы COVID-19, тады пастанавілі аднавіць расследаванне. ЗША і іншыя краіны скардзіліся, што першапачатковае даследаванне САЗ было моцна зацягнутае.

У траўні 2021 года Вашынгтон заявіў, што мае доказы лабараторнага паходжання COVID-19, але ў выніку амерыканская выведка не прыйшла да адзінай высновы наконт з’яўлення віруса. Яна прапанавала дзве асноўныя тэорыі паходжання каронавіруса – натуральным чынам у выніку кантакту чалавека з інфікаванымі жывёлінамі або ў выніку лабараторнай аварыі.

Адзначым, што лабараторыя даследавання вірусаў у 2017 годзе была створаная ў кітайскім Ўу-Хані, дзе і быў выяўлены каронавірус.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў