Сёння, 6 ліпеня адзначаецца сусветны дзень пацалунку. Мы сабралі самыя знакамітыя пацалункі і распавядаем іх гісторыі.
Ці ведаеце вы гісторыю гэтага здымка? Шчаслівы Джордж Мендонсан, праходзячы міма Эдыт Шэйн, прыцягнуў яе да сябе і ад лішку пачуццяў пацалаваў. І пайшоў далей. Цікава, што непадалёк была яго сапраўдная дзяўчына, з якой Джордж пазней пражыве ўсё жыццё. Здымак стаў для многіх амерыканцаў сімвалам міру, бо адбыўся адразу пасля аглашэння капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе.
Вы напэўна бачылі наступны здымак. Ён быў зроблены падчас беспарадкаў на вуліцах Ванкувера ў 2011 годзе. Каманда «Vancouver Canucks» прайграла ў фінальнай серыі плэй-оф НХЛ і хакейныя фанаты пайшлі граміць вуліцы. Аўстралійца Скота Джонсана, які працаваў побач, паліцыянты прэвентыўна павалілі на зямлю і пачалі цягнуць, але хутка згубілі да яго інтарэс. Момант на фота – Скот цалуе сваю сяброўку Аляксандру Томас, каб супакоіць яе.
Адно з самых вядомых графіці свету «Братэрскі пацалунак» Дзмітрыя Урубеля, які паказвае пацалунак Леаніда Брэжнева і кіраўніка ГДР Эрыха Хонэкера на Берлінскай сцяне.
У 1961 годзе Хонекер стаў адным з арганізатараў будаўніцтва той самай Берлінскай сцяны. Усяго за 4 дні тысячы будаўнікоў ГДР пабудавалі сцяну, якая рассекла Берлін на дзве часткі.
А ці бачылі вы прататып? Фотаздымак, зроблены фатографкай Барбарай Клемм у 1979 годзе.
А цяпер пра беларускі пацалунак: 15 верасня 2020 года Кацярына Андрэева са сваім аператарам выйшлі з содняў. На фота момант сустрэчы Кацярыны і яе мужа Ігара Ільяша.
Самы вядомы пацалунак на карціне – «Пацалунак» Густава Клімта. Карціну гэтую ў 2006 годзе за 135 мільёнаў даляраў набыў адзін амерыканскі бізнесмен. Яе шматлікія копіі ёсць амаль у кожным доме. Нават цяпер аўтар артыкула п’е гарбату з імбрыка з прынтам знакамітага твору мастацтва.
Гісторыя «Пацалунку» такая: аднойчы нейкі граф замовіў Клімту карціну, дзе ён і яго каханая павінны быць намаляваныя ў гарачым пацалунку. Для напісання жаночай выявы мастак атрымаў медальён з выявай нявесты. Калі мастак пісаў карціну, то сам закахаўся ў дзяўчыну з таго медальёна. Таму на карціне дзяўчына не адказвае на пацалунак графа. Аднак нявеста хутка стала жонкай таго графа.
Самы незвычайны пацалунак у Чалавека-Павука і Мэры-Джэйн. Пітэр Паркер толькі што выратаваў дзяўчыну ад чатырох рабаўнікоў і пад праліўным дажджом з’яўляецца побач з ёй дагары нагамі. Для сцэны першага пацалунку Паркера і Мэры Джэйн дождж быў зроблены і з вады, і з малака для большага эфекту.
У 2020 годзе падчас акцый пратэсту беларуская фатографка Надзея Бужан зняла здымак, які абляцеў увесь свет і ўвайшоў у падборку лепшых здымкаў году па версіі The Associated Press. Надзея доўгі час шукала гераінь гэтага здымка, каб даведацца пра лёс гераінь. Сам здымак у свой час выклікаў шмат абмеркаванняў у сацыяльных сетках.
Пацалунак у масцы падчас пандэміі грыпу ў ЗША ў 1937 годзе і рэферэнс у 2020-ым партугальскага часопісу VOGUE – гэта не проста здымкі. Гэта дакументы часу. На жаль, мы не знайшлі гісторыі людзей са здымкаў, але ў наяўнасці сувязь нашай з нашай «масачнай» рэчаіснасцю.
16 чэрвеня палітзняволеная блогерка Вольга Такарчук выйшла на волю. За кратамі яна правяла амаль паўтара года. А на фота яе першае фота на волі. Мы спадзяемся на тысячы такіх пацалункаў у бліжэйшай будучыні!
Аліса Ганчар belsat.eu