Кінуў камень у АМАП, вырашыў не ўцякаць ад суду. Гісторыя студэнта, якога асудзілі на 2,5 года калоніі


Першакурсніка Гістарычнага факультэту ГрДУ затрымалі проста на пары. У яго тэлефоне знайшлі відэа, на якім ён кідае камень у бок сілавікоў. Яго асудзілі на 2,5 года калоніі. Ён меў магчымасць уцячы, але не стаў. Абскарджваць вырак не збіраецца.

Андрэй Герасімовіч.
Фота: Андрэй Герасімовіч / VK

«Белсат» пагутарыў з маці хлопца – Галінай Герасімовіч.

Як затрымалі і асудзілі Андрэя

21-гадовага лідчаніна Андрэя Герасімовіча затрымалі раніцай 23 сакавіка – «чалавек у цывільным» прыйшоў па студэнта проста на пару. Калі Андрэя затрымалі, бацькі пра гэта даведаліся ад яго сяброў. Маці стала абтэлефаноўваць аддзяленні міліцыі, ды там адказвалі, што такога ў іх няма. Яна нават думала, што сына маглі забіць. Толькі вечарам з Лідскага РАУС ёй патэлефанавалі і сказалі, што сын у іх – маці была радая ўжо таму, што ён жывы. На наступны дзень сілавікі прыйшлі з ператрусам у інтэрнат, дзе ён жыў, і дапыталі трох суседзяў, забралі іхную тэхніку.

Неўзабаве Андрэя адпусцілі пад заклад у 5800 рублёў. Але 18 чэрвеня суд прызнаў яго вінаватым у «Гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «Групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», за што пакараў двума з паловай гадамі калоніі агульнага рэжыму. Ён прызнаў віну часткова. Вырак агучылі за пяць хвілінаў, заклад яшчэ не вярнулі. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Андрэй расказваў бацькам, што пасля затрымання ў Горадні яму ў абмен на вызваленне прапаноўвалі супрацоўнічаць з сілавікамі, ды ён адмовіўся – тады пачаўся псіхалагічны прэсінг. Падрабязна пра гэта ён не расказваў, але Галіна кажа, што ейнай сястры казаў: добра, што маці не ведае ўсяго, што адбылася ў той дзень.

Што за відэа?

Гэта кадры з пратэстаў жніўня 2020 года, дзе бачны Андрэй – ён кідае камень у бок байцоў АМАП, але ці трапляе ў кагосьці, не відаць. Паводле маці, гэтае відэа Андрэю скінулі сябры, ён захоўваў файл на тэлефоне, не паспеў прыбраць відэа на флэшку. Маці ён тлумачыў, што відэа яму важнае, бо гэта «напамін аб тым, як вырашаўся лёс краіны». Калі Андрэя затрымалі, сілавікі знайшлі і гэтае відэа, і каментары ў сацсетках, і прыватную перапіску.

Адшукаць менавіта тое відэа ў вольным доступе «Белсату» не ўдалося, хоць шэраг відэа з пратэстаў у Лідзе і жорсткіх дзеянняў сілавікоў супраць дэманстрантаў публікаваў шэраг СМІ. Напрыклад, такое:

Затрыманне было звязанае не з відэа – яго знайшлі потым

Галіна Герасімовіч расказвае, што калі яе сын паступіў ва ўніверсітэт, знайшоў аднадумцаў і «стаў праводзіць агітацыю», хадзіў на вучобу з бел-чырвона-белым значком, на якім напісана «Купалавец». Гэта не спадабалася куратарцы Наталлі Улейчык:

«Яна ўсяляк спрабавала яго прыціснуць: настройвала групу супраць яго, праводзіла класныя гадзіны і выстаўляла яго як адмоўны прыклад, якімі не павінны быць студэнты, – кажа маці пра куратарку. – Гэта было перыядычна, была нават вымова яму з занясеннем у асабістую справу за тое, што ў яго на старонцы ў сацсетцы бел-чырвона-белы сцяг, што ён праводзіць прапаганду, што ў інтэрнаце таксама сцяг быў на сцяне, што на заплечніку быў сцяг-стужка, што з ім правялі гутаркі, але ён сваёй думкі не змяніў».

Праблемы з куратаркай былі і тады, калі Андрэй адмовіўся выходзіць на акцыі ў падтрымку ўладаў. Сярод іншага, кажа Галіна, Улейчык на класнай гадзіне пагражала яе сыну, што «можа не толькі запужваць», але і зрабіць «так, як ён не чакае». З Андрэем праз яго погляды і праз сцяг на сцяне канфліктавала таксама адміністрацыя інтэрнату.

Паводле маці, Андрэй ставіўся да гэтага спакойна: казаў, у кожнага свае меркаванні, і яму шкада, што ў яго з куратаркай не супадаюць думкі. Яна кажа, што Андрэй ведае, якія аднагрупнікі сведчылі супраць яго, дакладвалі пра размовы ў ягоным пакоі, але прасіў не называць іх імёнаў.

Негатыўная характарыстыка ад выкладчыцы паўплывала на рашэнне суду

Ці менавіта Улейчык «здала» Андрэя міліцыі, маці не ведае, а сын казаў ёй, што дапускае: гэта мог быць і збег абставінаў. Але яна перакананая, што характарыстыка ад куратаркі мела вырашальную ролю. Паводле Галіны, на Андрэя «акрамя відэа і перапіскі нічога не было» – адвакат дапускаў, што прысудзяць умоўны тэрмін і дадуць давучыцца.

Андрэй Герасімовіч.
Фота: сямейны архіў Герасімовічаў

Андрэй на судзе заяўляў, што проста праходзіў міма месца пратэстаў, бо жыве побач, а камень кідаў, «бо ўсе кідалі». Галіна сцвярджае, што пракурор пагаджаўся з тым, што гэта «проста хуліганства». Але калі з універсітэту прыйшла характарыстыка, пракурор «ашалеў» і змяніў пазіцыю.

У характарыстыцы сцвярджалася, што Андрэй «не ўстаў на шлях выпраўлення»: неаднаразова парушаў дысцыпліну, неаднаразова «праводзіў прапаганду сярод студэнтаў», што куратарка неаднаразова праводзіла з ім работу, але ён не зрабіў высноваў. Таксама, кажа Галіна, Улечык пісала сярод іншага, што нібыта неаднаразова звярталася да бацькоў Андрэя, але гэта няпраўда: з бацькамі яна не звязвалася.

Не захацеў уцякаць з краіны

Пасля затрымання і вызвалення пад заклад Андрэю неаднаразова прапаноўвалі ўцячы з краіны. Ён валодае літоўскай мовай, мае сяброў і ў Літве, і ў Расеі, якія прапаноўвалі з’ехаць, прапаноўвала і знаёмая з Польшчы. Ён не захацеў: маўляў, хадзіў на мітынгі не дзеля таго, каб працаваць за мяжой, а каб жыць у годнай краіне, а бегчы – гэта не выйсце. Андрэй таксама казаў, што гатовы да прысуду – перад судом ездзіў у Горадню развітвацца з сябрамі.

«Ён сыходзіў і казаў: вер, мама, у будучыню, што гэта вырашыцца значна раней, чым ты думаеш, – згадвае Галіна. – Але на што спадзявацца, я не ведаю».

Абскарджваць прысуд цяпер не збіраюцца, бо «ні супраць каго пракурор не быў настроены так, як супраць Андрэя» – можа атрымацца так, што дадуць яшчэ большы тэрмін. Сам Андрэй таксама прасіў не падаваць апеляцыю, кажа маці, бо застаўся ўпэўненым: перамены хутка надыдуць, чакаць засталося мала. Ён прасіў маці верыць у будучыню так, як верыць ён.

Адкуль у Андрэя такія думкі

Маці дапускае, што сын мог зацікавіцца палітыкай, калі стаў паглыблена вывучаць гісторыю. Яна згадвае: Андрэй частка казаў, што яму крыўдна за беларускі народ. Яшчэ да ўніверсітэту маці заклікала яго не пісаць некаторыя рэчы ў інтэрнэце, а ён адказваў, што «настане час, калі ўсе выйдуць». Маці не верыла ў гэта да жніўня 2020 года.

«Калі ён кінуў камень, значыць, сітуацыя была выключная, гэта да яго не падобна, – запэўнівае маці. – Мы з ім размаўлялі, я пытала, чаму камень. Ён казаў: людзей збівалі. Людзі выйшлі на мірны мітынг, іх білі ні за што».

***

Пакуль вырак не набыў законную моц, Андрэя ўтрымліваюць у гарадзенскай турме (адрас для лістоў: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірова, 1). Маці кажа, будзе ўдзячная за дапамогу з перадачамі, бо жыве ў Лідзе і не можа часта ездзіць у Горадню. Куды могуць перавесці Андрэя, калі вырак набудзе моц, бацькі не ведаюць.

АА belsat.eu

Стужка навінаў