У справе пра 150 джыпаў з Літвы з’явіўся новы падазраваны – дальнабойнік з Нарачы


Дзяніс Краўчук.
Фота: nn.by

Стала вядома імя пятага затрыманага ў справе пра нібыта падрыхтоўку замаху на забойства Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

26 красавіка быў затрыманы 35-гадовы дальнабойнік з Нарачы Дзяніс Краўчук. Яго затрымлівалі больш за дзесяць супрацоўнікаў КДБ. У яго доме, гаражы, падвале і машыне правялі ператрус, а самога мужчыну затрымалі.

Цяпер ён праходзіць у якасці абвінавачанага паводле арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).

Hавiны
ФСБ знішчыла запісы перасоўвання Фядуты па Маскве
2021.05.05 13:05

Дзяніс Краўчук скончыў фізічны факультэт БДУ. Працаваў на розных прадпрыемствах, навуковым супрацоўнікам у Нацыянальным парку «Нарачанскі». У 2018 годзе ён на мясцовых выбарах выкрыў каруселі падчас датэрміновага галасавання, здолеўшы дзякуючы гэтаму прагаласаваць тры разы на трох розных участках.

На выбарах 2020 года Краўчук зноў быў назіральнікам. Яго затрымалі і асудзілі да 10 содняў арышту. Ён адбываў пакаранне ў адной камеры з Юрасём Зянковічам, якога затрымалі за акцыю пратэсту ў Мядзелі 9 жніўня.

Паводле адной з версіяў, Краўчук даглядаў дом Зянковіча на Мядзельшчыне, пакуль гаспадар жыў у ЗША. 26 кастрычніка мужчына ўладкаваўся на працу ў Літву дальнабойшчыкам, у лістападзе з’ехаў туды. 8 красавіка ён прыехаў у Беларусь, каб працягнуць візу.

Аб’ектыў
150 джыпаў з кулямётамі – на палац Лукашэнкі. Што кажуць аналітыкі?
2021.04.26 22:42

У красавіку беларускія спецслужбы заявілі пра выкрыццё нібыта спробы замаху на Аляксандра Лукашэнку. У межах гэтай справы затрыманыя юрыст з ЗША Юрась Зянковіч, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і кіраўніца менскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч.

Працаўнікі дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ выпусцілі сюжэт, у якім раскрылі сенсацыйныя падрабязнасці няўдалага плану. Распавялі і пра 150 джыпаў з буйнакалібернымі кулямётамі, якія з Літвы нібыта мусілі штурмаваць палац Лукашэнкі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў