У Беларусі змянілі законы пра абарону, вайсковы прызыў і мабілізацыю


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікаваны закон №363-3 ад 3 красавіка «Аб змене законаў у пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі». Дакумент змяняе «Закон аб абароне», «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі», «Аб ваенным становішчы» і іншыя.

Праверка баявой гатовасці на 227-м агульнавайсковым палігоне аднаго з батальёнаў 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая адбывалася 18 студзеня.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram

Згодна з ім, грамадзяне, якія дасягнулі 16 гадоў, цяпер «маюць права» прымаць удзел у выкананні работ абароннага характару ў мірны час да ўвядзення ваеннага становішча.

Згодна з законам, пра неабходнасць яўкі ў ваенкамат могуць апавяшчаць SMS-паведамленнямі. У выпадку мабілізацыі SMS-позвы будуць абавязковымі, а за няяўку на падставе іх прадугледжваецца пакаранне.

Таксама павялічваюцца штрафы за няяўку на мерапрыемствы прызыву – ад 10 да 30 базавых велічынь (цяпер 5 БВ), за неапавяшчэнне грамадзянаў пра выклік ў вайсковы, орган дзяржаўнай бяспекі: за першае правапарушэнне – да 20 БВ (цяпер да 3 БВ), за паўторнае – ад 20 да 30 БВ (цяпер ад 4 да 6) і за парушэнне абавязкаў вайсковага ўліку: для грамадзянаў – да 25 БВ (цяпер да 3), для службовых асобаў – да 30 БВ (цяпер ад 4 да 5 БВ).

Ваенкаматы цяпер змогуць абмяжоўваць выезд за межы краіны грамадзянаў, якія парушаюць абавязкі вайсковага уліку і ўхіляюцца ад прызыву.

А прэзідэнт атрымлівае права прымаць на кантрактную вайсковую службу грамадзянаў, з якімі кантракт аб праходжанні ваеннай службы не можа быць заключаны праз пэўныя абмежаванні.

Асобны орган для мабілізацыі эканомікі

Апроч таго, прапісанае з’яўленне ўпаўнаважанага дзяржоргану па мабілізацыйнай падрыхтоўцы эканомікі. Ён павінен будзе распрацаваць мабілізацыйны план эканомікі краіны, арганізаваць працу дзяржорганаў для планавання эканомікі, каардынаваць іх дзейнасць у сферы мабілізацыйнай падрыхтоўкі.

У законе прапісана персанальная адказнасць кіраўнікоў мясцовых органаў улады за невыкананне мерапрыемстваў мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі.

Медыі будуць абавязаныя распаўсюджваць інфармацыю Міністэрства абароны аб правядзенні мабілізацыі і неабходнасць яўкі ваеннаабавязаных у ваенныя камісарыяты, органы дзяржаўнай бяспекі.

Асобна прапісанае з’яўленне апарату ўзмацнення – грамадзянаў, якія прыцягваюцца для дапамогі вайсковым камісарыятам, органам дзяржаўнай бяспекі ў правядзенні прызыву і адпраўкі мабілізаваных у вайсковыя фармаванні.

Законапраект «Аб зменах законаў у пытаннях гарантавання нацыянальнай бяспекі» Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні 28 лютага. Дакумент гэты ўжо паспелі ахрысціць «законам пра SMS-позвы», хаця на самай справе ў ім прапісана значна больш зменаў, якія датычаць не толькі службы ў войску.

Агляд
Дзеля нацыянальнай бяспекі: SMS-позвы, крымінальнікі на кантракце і вялізныя штрафы для «ўхілістаў»
2024.03.06 13:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў