Вальфовіч: Ядравую зброю прывязуць у Беларусь, як толькі пастановяць галоўнакамандуючыя


Ядравую зброю прывязуць у Беларусь пасля адпаведнай пастановы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Пра гэта расказаў дзяржсакратар Савету бяспекі РБ Аляксандр Вольфавіч. Тым часам у Маскве другі дзень праходзяць перамовы двух палітыкаў.

Аляксандр Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Савету бяспекі.
Фота: Wikipedia

6 сакавіка дзяржсакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, адказваючы на пытанне журналістаў, калі ж у Беларусь прывязуць тактычную ядравую зброю (ТЯЗ), сказаў, што гэта залежыць ад пастановы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна: «Калі прымуць пастанову нашыя кіраўнікі – вярхоўны галоўнакамандуючы Расейскай Федэрацыі і галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Беларусі. Пастанова за імі».

Вальфовіч таксама спадзяецца, што выкарыстоўваць ТЯЗ не давядзецца.

«Не важна, у якой колькасці. Галоўнае – у якой якасці і як правільна іх выкарыстоўваць. А выкарыстоўваць мы ведаем, як. І ці трэба іх будзе выкарыстоўваць… Думаю, што не дойдзе да выкарыстання. Усё ж боегалоўкі і іншыя боепрыпасы тактычнай або стратэгічнай ядравай зброі перш за ўсё прызначаюцца для папярэджання, гарантавання бяспекі як Расеі, так і Беларусі», – сказаў кіраўнік Савету бяспекі.

Раней «Белсат» паведамляў, што Пуцін 25 сакавіка заявіў пра намер Расеі размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядравую зброю. Будаўніцтва адмысловага сховішча плануецца скончыць ужо 1 ліпеня 2023 года.

4 красавіка стала вядома, што ў Расею выправіліся разлікі ракетнага комплексу «Іскандэр-М», каб дэталёва вывучыць выкарыстанне тактычных ядравых боепрыпасаў.

Тым часам Лукашэнка мае візіт у Маскве, дзе 5 красавіка вечарам сустрэўся з Пуціным, а сёння абодва палітыкі ўдзельнічаюць у паседжанні Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка расказаў на пачатку паседжання, што на перамовах 6 красавіка абмеркаваў з Пуціным шмат закрытых пытанняў. На пытанне журналістаў пра ядравую зброю Лукашэнка адказаў, што згодны з заявай прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, зробленай падчас візіту ў Кітай, што ніводная краіна не можа размяшчаць ядравай зброі на тэрыторыі іншай краіны.

«Я з ім згодны. Таму трэба выводзіць усю ядравую зброю амерыканцам з пяці ці шасці краінаў, дзе яна размешчаная. І кропка. Я наогул у гэтым дачыненні радыкал. Я мяркую, што ядравую зброю трэба цягам літаральна некаторага часу звезці ў адну кучу і знішчыць. Вось і ўсё. А мянціць языком, накшталт, як гэты наш таварыш умее рабіць, – усе адмыслоўцы. Таму добра, давайце збяром усё ў кучу і знішчым. Гэта самы лепшы варыянт. А пакуль – мы робім так, як робяць яны», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў