МЗС Латвіі пацвердзіла затрыманне свайго грамадзяніна ў Беларусі


У мінулым годзе ў Беларусі праз падазрэнне ў шпіянажы затрымалі грамадзяніна Латвіі, паведаміла агенцтву LETA прэс-сакратар латвійскага МЗС Дыяна Эглітэ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца фота: bb.lv

Паводле прадстаўніцы МЗС Дыяны Эглітэ, беларускі бок затрымаў і выставіў беспадстаўныя абвінавачанні ў шпіянажы грамадзяніну Латвіі. Гэта адбылося яшчэ ў сакавіку 2022 года.

Прэс-сакратар адзначыла, што консульскія службовыя асобы Латвіі надалі ўсю дапушчальную дапамогу ў межах сваіх магчымасцяў, але адсутнасць законнасці ў Беларусі ўскладняе наданне дапамогі і высвятленне абставінаў справы. Эглітэ таксама заявіла, што беларускі бок выкарыстоўвае фармальныя прычыны для запаволення і ўскладнення кантактаў ды працы консульскага работніка з грамадзянінам Латвіі.

Раней, 4 красавіка, кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель заяўляў, што за «здзяйсненне агентурных захадаў» у Беларусі затрыманыя грамадзяне Польшчы і краінаў Балтыі. Аднак ён не прывёў канкрэтных звестак пра колькасць затрыманых і характар звестак.

Hавiны
Кіраўнік КДБ заявіў пра затрыманне шпіёнаў – грамадзянаў Польшчы і краінаў Балтыі
2023.04.04 13:46

Таксама Эглітэ звяртае ўвагу на тое, што выведныя службы краінаў NATO публічна папярэджваюць пра выведную і вербавальную дзейнасць беларускіх спецслужбаў. Нібыта ў Беларусі турысты могуць зазнаць правакацыі і быць ілжыва абвінавачаныя ў парушэнні беларускіх законаў ды, як следства, арыштаваныя.

Прэс-сакратар нагадала, што праз адсутнасць законнасці ў Беларусі магчымасці Латвіі ў наданні дапамогі такім асобам будуць вельмі абмежаваныя. Праз гэта МЗС неаднаразова заклікала грамадзянаў Латвіі не ездзіць у Беларусь.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў